Маці Божая,
Ты — шкалярскі сірочы хлеб,
крыж за цёплым гасцінцам,
перавязаны ручніком,
подых спелай пшаніцы
і спакой васількоў,
палявая дарога ў сон...
Маці Божая,
Ты — Адна за ўсіх матак,
чые дзеці пайшлі за парог —
і за брамай, за вёскай, за небакраем
іх назад ніхто не пазбірае
па халодных слядах босых ног.
Маці Божая,
Ты — Адна над усімі,
над жывымі... і вечна жывымі,
хто не прыйдзе назад на спамін,
па кім хмаркі страсаюць высокія слёзы,
шумяць сосны, бярозы,
потым — вецер адзін.
Маці Божая,
Ты маўчыш, бо Ты — Слова,
Ты — адзін вечны боль,
сцеражы нас ад злога,
не пускай да глыбокага дна,
Маці Божая,
ты ў нас адна...
Маці Божая,
Ты ў крыві свайго Сына,
хоць крыві не відаць пад каронай,
спаглядаеш на нас міласцю нескаронай —
так глядзяць на вясковых дзяцей,
хто пад дахамі места
сам сябе не шкадуе, бо так жыць прасцей...
Маці Божая,
у паезуіцкім касцёле
з усіх просьбаў, малітваў і слёз
круціш нітку і вяжаш — і гоіш паволі
перасечаны час,
перарэзаны лёс,
Ты — святая, зямная, прыгожая...
Маці Божая...
|
|