Сяргей Законнікаў нарадзіўся 16 верасня 1946 г. на Віцебшчыне. Скончыў БДУ. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы, Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, міжнародных літаратурных прэмій Польшчы і Украіны. Друкуецца з 1963 г. Аўтар чатырнаццаці кніг паэзіі, публіцыстыкі, эсэ і нарысаў, а таксама кніг, выдадзеных на іншых мовах: «Чорны конь апакаліпсісу» (Варшава, 1996), «Шлях душы» (Сафія, 2002). Займаецца таксама перакладчыцкай працай. Жыве ў Мінску.
 
Сяргей ЗАКОННІКАЎ

ВЕРШЫ

ЛІСТЫ ВЕЧНАСЦІ

Праплываюць у небе аблокі няспешна –
Гэта вечнасць свае пасылае лісты,
Каб да ісціны мудрай, журлівай і ўсцешнай,
Хоць на колькі хвілін далучыўся і ты.

Піша вечнасць лісты без пяра, без паперы,
Сэнс вялікай надзеі дыктуе цішком.
Сам палёт аблачын, нібы тайнапіс веры,
Пераймае душа, каб не быць пад замком.

Паляціць і яна за нязнаныя межы,
І ў нязвыклым шляху не заўважыць сама,
Як зліецца з абсягам, што Волі належыць,
У якім ні канца, ні пачатку няма.

 

РАМОНТ

Ад сумятні ўцякло мястэчка,
Спакой дрымотны навакол.
Сніць дні мінулыя над рэчкай
Напаўразбураны касцёл.

Высока на сцяне бярозка
З чырвонай цэглы прарасла.
Над цвінтаром, травой зарослым,
Павольна кружыцца пчала.

Ды ёсць прыкметы ратавання:
Брусы, гарбыль ляжаць радком.
Аблепяць соты рыштаванняў
І гэты стромкі Божы Дом.

Ён ажыве святой патрэбай,
Каб людзі да надзей ішлі,
Каб тое ім дарыла неба,
Што не знайшлося на зямлі.

І я цяжар сляпой сваволі
Балючым роздумам крышу...
Яна не позніцца ніколі –
Пара рамантаваць душу.

 

* * *

Не думай, чалавек, што ты забыты
У гэтым свеце, дзе хапае зла,
Што доля адвярнулася нібыта,
Ці зноў бачком у нечым абышла.

Не думай, што твой плён – пусты і марны,
І можна кінуць рупнасці кайло.
Глядзі, як ранкам у нябёсах хмарных
Чароўнай кветкай сонца расцвіло.

За намі наглядаюць вочы Бога,
Яны заўжды не скупяцца святлом.
Не думай, што ў тупік вядзе дарога,
Што ўсё ў быцці людзей пайшло на злом.

Пакуль яшчэ прадвеснікі не трубяць...
Жыві спакойна на сваёй зямлі,
Не думай, што цябе ніхто не любіць,
Лепш сам любоў да бліжняга спялі.

 

БОЖЫ ДАРУНАК

З першых хвілін да апошняга дня
Дыхае мовай жывой, як паветрам,
Там чалавек, дзе шануе радня
Божы дарунак – галоўны і вечны.

З ёй, як на крылах, на волю ляціш,
З ёй не загіне душа і ў аковах.
Несці свой крыж і ўзыходзіць на крыж
Вучыцца ў Госпада родная мова.

Хоць нашы вусны спрабуюць замкнуць,
Хоць гвалт і страх пераціснулі горла,
Трэба прыняць беларусам віну,
Трэба вяртаць непаўторнасці голас.

Будзе нязводным народ, у якім
Слова і душы трымаюцца злітна.
Мова любая – стасунак людскі,
Родная мова – да Бога малітва.

 

ДАРОГА

Шляхі вялі, гулі, плылі...
Дзе толькі ні насіла
Мяне па глобусе Зямлі
Дапытлівасці сіла.

Сваёй мяцежнасцю скарыў
Натхнення геній смелы:
Антычных гарадоў муры,
Сікстынская капэла.

Запамінала ўсё душа,
І ёй было не посна –
Нямецкі грунт, французскі шарм,
Амерыканскі поступ.

А ў сэрца наплывала шыр,
Сама, нібыта дзіва.
Карпаты, Альпы і Памір –
Паўсюль нага хадзіла.

Быў пада мною акіян,
Было рыгво вулкана.
Свет раскаціўся, як дыван,
Дарогаю сатканы.

Дарога падвышае дух,
Бадзёрыць, а найболей
Я ўпадабаў вандроўны рух
За адчуванне волі.

Той час хаваецца ў смузе,
Хоць помніцца заўсёды.
А конік крэўнасці вязе
Мяне да несвабоды.

Яна зыходзіць ад бяроз,
Ад студні нізкаватай,
Ад дажджавых халодных слёз
На шыбах сумнай хаты.

Ёсць на Зямлі такі куток,
Які адсуне ўсё набок,
І там мая дарога,
Як пёс, скруцілася ў клубок
І спіць каля парога.

 

МІЛОСЦЬ

Марынцы і Францішку

Недарэмна на ўскрайку жыцця
Столькі веры,
Надзеі,
Любові
Дораць дні, што імкліва ляцяць
І ў нязнанасць вядуць за сабою.

Чалавецтва няўрымслівы ўзрост
Усміхаецца ў дзеда на ўлонні,
Для мяне выбудоўвае мост
Над зямным і касмічным прадоннем.

Як бы вусцішна тут ні было,
У быцці, поўным гвалту і тлуму,
Ды маленькіх далоняў цяпло
Саграе невясёлыя думы.

Свет захліствае страху размах,
А душа подых існасці ловіць –
Акунаюся ў радасны пах
Ускудлачаных, мілых галовак.

І наступнае бачыцца мне
Вачанятамі ўнучкі і ўнука...
Не жуда, а мілосць ахіне
Міг апошні прад вечнай разлукай.