* * *
Паўстала здань самотная ў акне,
І знікла ўсё.
Плылі кудысь аблокі.
Ксёндз Тарасевіч,
што хрысціў мяне,
Прымроіўся у вобразе далёкім.
Вярнуў хрышчонай маці прыпамін
Далёкую ваенную суботу:
Дарога, што звужаецца, як клін,
Дзве ніці лёсу цягне за сабою.
Калі парвецца тонкая адна,
Дай Божа за другую мне ўхапіцца.
У час, калі далёка дзесь вясна,
Ну, трэба ж мне зімова нарадзіцца.
О, як рыпяць балюча палазы!
Як рэжуць гурбы палазамі сані!
Нібыта два халодныя лязы
З вачэй слязу ці іскру выкрасаюць.
І як далёка ўсё ж сягае зрок.
Хоць немаўля,
А ўжо глядзець умее.
Качуся я,
нібыта снегірок,
Спавіты і захутаны ў завею.
Сцюдзёная марозная зара.
Здаецца, снег палае і дыміцца.
У час такі, што трэба паміраць,
Ну, трэба ж мне зімова нарадзіцца.
Паліце ў печы,
Не шкадуйце дроў!
Няхай гасцей пушчанскі дом склікае.
Прыходзьце з пушчы,
З самых гушчароў!
Вайна хай за парогам пачакае!
|