Наста ГЕРАСІМОВІЧ

ЕЎРАПЕЙСКАЯ ГІСТОРЫЯ
«КРАІНЫ БЕЛАРУСЬ»

У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры адбылася прэзентацыя кнігі «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя». Кнігу прэзентавалі яе аўтары: пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Зміцер Герасімовіч.

Выданне адметнае змястоўнасцю (гісторыя Беларусі разглядаецца ад першабытнай эпохі да часоў БНР), лёгкасцю ўспрымання і выдатным мастацкім аздабленнем. Майстар слова, вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў, тэксты якога заўсёды вылучаюцца папулярнасцю і цікавасцю, распавядае пра нашу гісторыю проста і лагічна, апелюючы рэальнымі фактамі.

Фактычна ўсё, прыведзенае ў тэксце, падтрымана багатымі ілюстрацыямі, падабранымі Зміцерам Герасімовічам: тут і фотаздымкі з музеяў, і тагачасныя фотакарткі, малюнкі Напалеона Орды, сярэднявечныя гравюры і жывапіс, старыя лісты і граматы, пячаткі, замалёўкі сучасных мастакоў і тых, каго ўжо няма, і шмат чаго яшчэ — усяго не пералічыш. Некаторыя з выяваў нечаканыя нават для спецыялістаў, гісторыкаў, бо нідзе не друкаваліся. Яшчэ ніводная беларуская кніга не мела дагэтуль такой колькасці прафесійных яркіх ілюстрацый. Іх у кнізе амаль дзве тысячы. Малюнкі ствараюць асаблівую атмасферу на старонках, напаўняюць іх сапраўдным жыццём.

Падарыце гэтае выданне сябру-іншаземцу, і ён адчуе, якая непаўторная і захапляльная яна — краіна Беларусь. Пакажыце гэтую кніжку вашаму дзіцяці: удалае спалучэнне словаў і малюнкаў створыць у яго ўражанне, што гісторыя нашай краіны наўрад ці меней цікавая за любую казку. І, нарэшце, пагартайце яе самі — у беларусаў была, ёсць свая еўрапейская гісторыя, і мы павінны яе ведаць.