* * * Глыбы думак. Праху глыбы — За сівою даўніной. Паміж Сцылай і Харыбдай, Паміж сценкай і сцяной. Адзіноты век? Гукання? Не пачуўшы голас мой, Ты прышлеш мне прывітанне Паміж сонцам і зямлёй. Беспрытул? Ды, дзякуй Богу, Не згасае успамін. Дай мне ласкі на дарогу, Дзікі ландыш і палын. Будзе светла мне і горка За лагчынай, за гарой Паміж ранішняю зоркай І вячорнаю зарой. |
ДАНУТА Год бяды, як Ледавіты полюс. Можна й там, аказваецца, жыць. ...Чуецца пявучы жытні голас, Бы дарога ў Біскупцы бяжыць. Грозны гром над сцежкай пасваволіць. Град нязваны грады пасячэ. І ліхія госцейкі насоляць, І найлепшы самы — дапячэ... Ты ж яшчэ, як ластаўка, лятаеш І шчыруеш з песняй давідна. З Нёмана вадзіцы паспытаеш — Дзякуй Богу, чыстая яна! Да святла ці да зямлі прыкута? Не, наканаваная зямлёй! ...Выйдзе з сонца жытняя Данута — Як сялянцы, пакланюся ёй. |
КАЛІНА ЗІМЫ Полымем зыркім душу апаліла. Полымем белым ўзняло з небыцця. ...Ой жа зімой закіпае каліна, Гронка яе — як надзея жыцця. Позняя ягадка позняй спакусы. Вэлюм маёвы растаў па вясне. Запунсавела-прыпухлыя вусны Свецяцца ціха-шчасліва праз снег. Выберу сёння якую вандроўку, Каб неўталоннай душы дагадзіць? Светла аклікну каліну-сяброўку — Сумам маім на мяне паглядзіць. Белапушыстыя ўскінуты бровы. Час замірання. І час адкрыцця. Доля мая — нібы гронка любові Б’ецца над сцішанай голькай жыцця. |
ПАДМАНВАЮ СЯБЕ... Падманваю сябе, свой дзень пусты, — Нібыта міска стравы ў ліхалецце. Пішу не вершы я — пішу лісты, Пяро макнуўшы ў думнае дасвецце. Яснее зрок, але у цемнаце Заходзіцца бязгучным рэхам сэрца. Загойваю сябе на той вярсце, Дзе нам з табой не доліла сустрэцца. Стаміўся ад уражанняў паэт. Маленькі сын ад чэрствасці хварэе. Крыжы трывожнай памяці! А свет... Завалы кніг! А людзі не дабрэюць. Дрыготкія лаўлю агні вачэй, Якія свецяць толькі мне, здаецца. Падманваю сябе, пакуль яшчэ Цыганка-рыфма плача і смяецца. |
ГОЛАС З АКЦЭНТАМ Маўчаць невыносныя сцены. Далёка за поўнач не сплю. Твой голас з магічным акцэнтам Скрозь горкую ростань лаўлю. Лятунак, сяйво, даварога Ці выраю спознены клін? Дык дзякуй, служанка-дарога, За крохкую радасць хвілін! Па каліўцу ласкі, па промню Ляціць у акно светлыня. Забудуся, але запомню Дыханне шчаслівага дня. Вясковы, сталічны, трагічны, Імя сваё, век, назаві! О, гэты світанак магічны З акцэнтам шчымлівай любві... |
* * * Ні парушынкі ў небе, ні дажджынкі, І мройна вішня пышная цвіце. Яшчэ мая хада лягчэй пушынкі. Адкуль цяжар так сэрцайка гняце? Душыла смага, цалавала спёка, Маланка з громам звязвала канцы. Але не памірала ад апёкаў — Зацягваліся песнямі рубцы. Жыццё, ты стэп, што выгарэў да краю, Дрыготкі ліст на восеньскім галлі. І ўсё адно — цябе я абдымаю, І ўсё адно цябе я бласлаўляю За боль і рай на песеннай зямлі. |
* * * Над адзінотаю ўсмак пасваволю І пасміхнуся, з блазноты, не раз. Знаю паэта нялёгкую долю: Выплеснуць сэрца сваё напаказ. Не загаворвацца, не захапляцца Праўдзе і споведзі наперарэз! Доля прыдумак... але для мастацтва Ёсць патаемны ў фантазіі сэнс. З бытнасці першай, з сярэднявечча Ў радасці і ў безвыходнай журбе Кім ты ні быў за свой век, чалавеча?!. Час наступіў, каб успомніць сябе! Толькі ж у працы знаходзім спатолю. Хто там палохае: «Быць ці не быць?» Благаслаўляю нястомную долю: Найчалавечнаму свету служыць. |
МОЛАДАСЦЬ За ярамі, за лугамі роснымі, За снапамі залатымі сноў — Моладасць мая звонкагалосая, Ты пашто вяртаешся ізноў? Золушкай была. І каралеўнаю. Знаю радасць і кладоў гарбы І цябе, вясёлую ды спеўную, Я наўрад ці стрэну без жальбы! З птушкамі расла і з песняй вырасла. Шмат чаго мне добры лёс ссудзіў. Але колькі дрэў у садзе вымерзла, Колькі цвету грозны град абіў! Моладасць, давай жа развітаемся У пару аснежаных калін... Толькі так жыву і так трымаюся, Каб мяне шчаслівай помніў сын. * * * |
Будзе слоту абвяшчаць прагноз, Лістабой учыніць ператруску. Песняй, што расчуліла да слёз, Я прыму цябе па-беларуску. Краю блаславёнага дачка, Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку — Зорны крыж Мацея Бурачка... Ты ўва мне прызнаеш беларуску? Сто разоў шукаў другой красы, А тым больш што свет даўно не вузкі! ...Ды калі ты не бязродны сын — Гавары са мной па-беларуску. Час — вар’ят, шалёнае таксі. Толькі ўсё ж не мыслю я аб спуску. Кажаш, што магілы зараслі? Памаўчы са мной па-беларуску. |
Глядзі таксама: Алена Васілевіч - "ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!"