СВЯТА |
Усё памыў, аскроб, агладзіў, Вазоны нават напаіў. Падняў, зачынены ў шуфлядзе, Свой нейкі мілы напамін. Нацёр сукном да бляску цэшку - Няхай пры позірку гарыць. І ўсё гляджу на тую сцежку, Адкуль павінна свята быць. Хай будзе нават не нядзеляй, Што захлісне душу Імшой, А хоць маленькаю надзеяй, Што запраменіць над душой. Любому госцю буду рады І дзверы насцеж расчыню. Вунь колькі месца для пасаду І ранню новаму, і дню. І муха скрыпкаю зумкоча, І шыба сваццяю бубніць. А свята ўсё ісці не хоча. Як свята з хатай пажаніць? Усё аддасць, што мае, хата, Што ёсць у клеці і ў кашы. Калі душа так прагне свята, Дапамажыце ёй, душы. |
НА ДЗЯДЫ |
Ніколі зорна так У нашым краі не бывае, Як на Дзяды. Тады Адразу столькі свечак загараюцца, І столькі воч здалёк да нашых воч Так востра прыглядаюцца. І я спыняю крок І зноў шапчу праз змрок: - Скажыце, татусь, а ці страшна там, За брамай той, Куды ідзеш не сам, Але якой не абміне ніхто? - Скажы, дачушка, што ты сніш На той не пухкае падушцы? Малітву шэпчуць карані У сне дачушцы. І ўсё адразу не чуваць Адтуль, здалёку. Маўчыць знямелая трава. Прыціхлі крокі. Птушыным вокам гляне страх з начы, Благога анічога не вяшчуючы. Гавораць свечкі, Ну а мы маўчым. Гавораць душы, Але мы не чуем іх. |
ЛІПНЁВАЕ |
У сцябле і лёгкім пёрцы Цішыня цнатліва спіць. Многа волі перапёлцы, Той, што ў жыце просіць піць. Ты ідзі грыбной сцягою, Неруш лета не міні. Тут усё гарыць сягоння У малінавым агні. Пахне мёдам і смалою На спякотлівай вярсце. Жоўтым цветам і пчалою Ліпа родная цвіце. Свежым водарам ліпнёвым Вее сад і агарод. Пахнуць мёдам травы, словы. І на вуснах нашых - мёд. |
* * * |
Рэхам з касцёла Роха Ціхая вестка ляцела. Макам каля парога Лета адстракацела. Кленчыць мой дзень ля гораду У разгалосіцы спелай. Лубінам, бобам, гарохам Лета адстракацела. Вунь як струкі блазнуюць. Страйк у струкоў няйначай. З трэскам, урассыпную, Лёгка гарошыны скачуць. Гаснуць гарошыны тыя, Нават не зловіш вачыма. Дні мае залатыя Ціха згарэлі, без дыму. І не злавіў я ўсё тую ж Пташку, што звабліва маніць. Я то зусім не шкадую, Я не люблю шкадавання. Лета адстракацела Вокнамі электрычак. Стогнуць халодныя сцены, Нават цяпла не клічуць. Многа чаго засталося Светла-няўлоўнага ў леце. Тройкай вязуць маю восень Дождж, і самота, і вецер. |
РАКА |
Мая маленькая рака, Радня ракі вялікай. І ты цякла, і я ўцякаў, Куды сам час паклікаў. У ночвах іншых берагоў Тваю б хоць кроплю ўбачыць. Сам час па прыкладу свайго Твой нораў перайначыў. Я ведаў, іншым не раўня, Ты свой характар маеш. Ды шлях чужы цябе абняў, На грэбень уздымае. Ляціш пад іншыя масты, Шуміш у замучэнні. Плывем: вясна, і я, і ты, Як тыя трэскі, па цячэнні. |
* * * |
Зваліўся лівень аблогай густой. Да ніткі апошняй прамокла накідка. І ўжо не было ўхапіцца за што, І я хапаўся за тую нітку. І сцежка плыла, як працяг ручая, І цёмна на свеце было, як у яме. Намокла ў кішэні паштоўка твая, Плылі па ёй літары ручаямі. Усё кудысьці сплывала, плыло, Сляды заплывалі травой і вадою. І згоды між намі даўно не было, А быў гэты лівень, між мной і табою. Ён потым аціхне. Забудзе пра нас, І дзень захліснецца ад яснай лагоды. І тысячы свечак запаліць вясна За некалькі вёрстаў ад нашае згоды. |