![]() Карэл Чапэк (1890–1938), класік чэшскай літаратуры. Аўтар раманаў і аповесцяў «Вайна з саламандрамі», «Звычайнае жыццё», «Белая хвароба», «Першая змена», «Жыццё і творчасць кампазітара Фалціна», «Кракаціт», «Кніга апокрыфаў», п'есаў, казак і апавяданняў. |
У шматфігурных карцінах і рэльефах, створаных К. Чапэкам, часам сустракаюцца так званыя «дзяжурныя фігуры», якія мастак задзейнічаў дзеля ўраўнаважвання кампазіцыі. Заняты галоўнай дзеяй і цэнтральнымі постацямі, іх не адразу і прыкмеціш: блазна з малпай або разяваку, які едзе на асле сваёй мудрасці... Ствараючы карціны гістарычных падзей, Карэл Чапэк у навэлах «Кнігі апокрыфаў» ідзе ад адваротнага. Галоўныя героі і цэнтральная частка кампазіцыі аднесены далёка на тло, а на сярэдзіну гістарычнай сцэны выходзяць акторы масоўкі, звычайна раствораныя ў натоўпе, які ёсць аб'ектам гістарычнага працэсу. Іхнія партрэты і маналогі ўражваюць сляпой самаўпэўненасцю, пыхай абмежаванага розуму і цёмнага фанатызму. Гэта вобразы стваральнікаў і ахвяраў дэмагогіі і хлусні альбо проста чалавечай маладушнасці, што не адважваецца прызнацца ў гэтым. І пазнаеш іх не толькі ў кантэксце евангельскай тэмы, але і ў сваёй сучаснасці, штодня сутыкаючыся з пілатамі і навумамі. Яны здольныя здрадзіць самаму святому і знайсці меркантыльнае і нават філасофскае апраўданне здрады. Паводле Чапэка, урокі гісторыі застаюцца актуальнымі для кожнага часу, а кожнаму чалавеку, кожнаму народу даводзіцца выбіраць паміж ісцінай і здрадай, паміж праўдай і ілжэпрарокамі. У ноч, калі нямецкія фашысты перайшлі мяжу і пачалі захоп Чэхаславакіі, маладушна здраджанай заходнімі дэмакратыямі ў Мюнхене, вялікі пісьменнік звяртаўся з малітвай да Збаўцы, шукаючы ў Яго суцяшэння і надзеі. Уся краіна паўтарала гэтую малітву, і народ быў здольны выжыць і перамагчы. Гэта яшчэ адзін чапэкаўскі ўрок нам, беларусам.
Валеры БУЙВАЛ
ЛАЗАР ПРА ПЯЦЬ ХЛЯБОЎ УКРЫЖАВАННЕ
...Што я маю супраць Яго? Я вам, сусед, скажу проста: я не тое, каб меў што-небудзь супраць Ягонага вучэння. Зусім не. Аднойчы я паслухаў Ягонае казанне і, скажу вам, ледзь не стаў Ягоным вучнем. Тады я вярнуўся дадому і кажу свайму стрыечнаму, які рымар: ты б толькі паслухаў – гэта, скажу табе, свайго кшталту прарок. Вельмі прыгожа гаворыць, праўду кажу. Ажно ў чалавеку сэрца сціскае. Я, паверыш, меў вочы, поўныя слёз. Узяць ды зачыніць сваю краму ды пайсці за Ім, каб Яго ўжо ніколі не згубіць з вачэй. Раздай усё, што маеш, казаў Ён, і ідзі за мной. Любі бліжняга свайго, дапамагай бедным і прабачай тым, хто цябе крыўдзіць. Я – просты пекар, але ж калі Яго паслухаў, то была ў мяне, кажу, такая дзіўная радасць і боль, не ведаю, як бы гэта сказаць: такая туга, што хоць кленчы на зямлі і плач, а пры тым так прыгожа і лёгка, нібы з мяне ўсё спала, ведаеце, усе клопаты і злосць. Я тады й кажу свайму стрыечнаму: ты, балван, май сорам. Гаворыш адно пра вінаватых, колькі табе хто вінаваты і што маеш плаціць столькі ды столькі дзесяціны ды нядоімак ды адсоткаў. А ўзяў бы ды раздаў бедным усё, што маеш, пакінуў жонку і дзяцей ды пайшоў за Ім...
І за тое, што Ён лечыць хворых і звар'яцелых, я б Яго таксама не папракаў. Праўда, гэта ёсць дзіўная і незвычайная сіла. Але ж кожны бачыць, што нашы лекары – прайдзісветы, а рымскія нічым не лепшыя. Грошы браць умеюць, але як паклічаце іх да чалавека, які памірае, дык толькі перасмыкнуць плячыма ды скажуць, што трэба іх было клікаць раней. Раней! Мая нябожчыца жонка стагнала два гады ад кравацёку. Я яе вадзіў па дактарах, не можаце ўявіць, колькі грошай на гэта пайшло. А не дапамог ёй ніводзін. Калі б Ён ужо тады хадзіў па гарадах, я б упаў перад Ім на калені і сказаў: «Божа, ацалі гэтую жанчыну!» А яна б дакранулася да Ягонай адзежы і ацалілася б. Так, бедная, нацярпелася, што й не выказаць. Вось бы я тады славіў Яго, што ацаляе хворых. Ведаеце, фельчары супраць гэтага крычаць, маўляў, падман гэта і халтура, ды хацелі б гэта Яму забараніць ды ўсё такое, але гэта ўжо розныя такія інтарэсы. Хто хоча дапамагаць людзям і выратаваць свет, заўсёды ўмяшаецца ў нейчы інтарэс; усіх немагчыма задаволіць, інакш нельга. Я кажу, ацаляць Ён можа, ды няхай і мёртвых уваскрашае, але тое з пяццю хлябамі яму не трэба было рабіць. Як пекар вам скажу, што то была вялікая крыўда пекарам.
Вы не чулі пра тых пяць хлябоў? Дзіўна, усе пекары проста выйшлі з сябе з-за таго выпадку. Дык вось за Ім прыйшоў вялікі натоўп на пустое месца, і Ён ацаляў хворых. А калі пачало цямнець, падступілі да Яго Ягоныя вучні і кажуць: «Гэтае месца пустое, а час ужо мінуў. Адпусці натоўпы, няхай ідуць у мястэчкі, купяць сабе ежы». А Ён сказаў ім: «Ім няма патрэбы ісці, дайце ім есці». А яны кажуць яму: «Мы не маем тут нічога, акрамя пяці хлябоў і дзвюх рыбінаў». А Ён кажа: «Дык прынясіце іх сюды». І загадаў натоўпу сесці на траву, і, узяўшы тых пяць хлябоў і дзве рыбіны, глянуў у неба, паблаславіў і, ламаючы, даваў вучням тыя хлябы, а вучні натоўпам. І елі ўсе і насыціліся. І сабралі, колькі засталося кавалкаў, поўных дванаццаць кашоў. Тых жа, якія елі, было каля пяці тысячаў мужчын, акрамя жанчын і дзяцей.
Пагадзіцеся, сусед, што такое не спадабаецца ніводнаму пекару. Як Яму толькі гэта ў галаву прыйшло? Калі б гэта стала звычаем, каб нехта пяццю хлябамі і дзвюма рыбкамі насычаў пяць тысячаў людзей, а пекарам хоць у свет ісці, ці не праўда? Што тычыцца тых рыбак, мне ўсё адно – яны самі растуць у вадзе, і іх можа налавіць хто хоча. Але пекар мусіць дорага купляць муку і дрожджы, мусіць мець памочніка і выплочваць яму заробак; мусіць мець краму, мусіць плаціць падаткі ды яшчэ нешта, так што ўрэшце будзе рады, калі застанецца яму нейкі грош на пражыццё, каб не жабраваць. А Ён, Ён толькі гляне ў неба і мае досыць хлеба на пяць або колькі тысячаў людзей. Мука Яму нічога не каштуе, Ён не павінен, Бог ведае адкуль, прывозіць дрожджы, ніякіх выдаткаў, ніякай працы – дык зразумела, Ён можа тыя хлябы людзям даваць дарма, хіба не? А на тое не зважае, што гэтым пазбаўляе навакольных пекараў сумленна заслужанага прыбытку! Кажу вам, гэта несумленная канкурэнцыя, і трэба б Яму гэта забараніць. Няхай плаціць падаткі, як мы, калі хоча займацца пекарствам! На нас ужо наракаюць людзі: як гэта такія шалёныя грошы хочаце за мізэрную буханку? Дарма павінны даваць, як Ён. А які ў Яго хлябец: белы, храбусткі і духмяны – аб'есціся можна. Мы ўжо мусілі знізіць цану выпечкі. Клянуся гонарам, даем яе за цану вытворчасці, толькі каб не зачыняць крамы. Але да чаго гэта ўсё давядзе? У нас, пекараў, галава кругам ідзе. Усё ж у іншым месцы Ён насыціў чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей, сямю хлябамі і некалькімі рыбкамі, але там сабралі толькі чатыры кашы кавалкаў. Ужо й Ягоная справа не ідзе так добра, але нас, пекараў, Ён знішчыць ушчэнт. І я вам вось што скажу: што Ён гэта робіць адно з варожасці да нас, пекараў. Гандляры рыбай таксама галосяць, яны не ведаюць, колькі прасіць за сваю рыбу. Гэта даўно не такое выгоднае рамяство, як пекарскае.
Паглядзіце, сусед: я толькі стары чалавек і жыву сам на свеце; не маю ані жонкі, ані дзяцей, дык чаго мне не хапае. Я ўжо казаў свайму памочніку, каб ён у маю пякарню запрагаўся сам. Мяне ж не хвалюе ўласная карысць; душа з мяне вон, я б хутчэй сапраўды раздаў сваю нязначную маёмасць і пайшоў бы за Ім ды прапаведаваў бы любоў да бліжняга і ўсё, што Ён кажа. Але ж калі бачу, як Ён паставіўся да нас, пекараў, то кажу сабе: не! Я як пекар бачу, што гэта ніякое не выратаванне свету, а проста бяда для нашага рамяства. Мне шкада, але я Яму гэтага не дарую. Так не пойдзе.
Зразумела, мы падалі на Яго скаргу Ананію і гарадскому галаве наконт парушэння статуту харчовага цэху і падбухторвання. Але ведаеце, як у тых уладаў усё ідзе чарапашым крокам. Вы мяне ведаеце, сусед; я – мірны чалавек і не шукаю ні з кім сваркі; але калі Ён прыйдзе ў Ерузалем, я стану на вуліцы і буду крычаць: «Распні Яго! Распні Яго!»
Божа, які стварыў гэтую прыўкрасную зямлю! Ты бачыш наш боль і расчараванне. Табе не трэба расказваць, што мы адчуваем цяпер і чаму схіленыя нашы галовы. Не ад ганьбы нам няма чаго саромецца, хаця лёс б'е нас жалезным прутом. Не мы пацярпелі паразу, не мы паказалі маладушнасць. Наш народ не згубіў свайго гонару; згубіў толькі частку свайго цела. Мы, як чалавек, якога захапіла зубатая шасцярня – ад першага і жудаснага болю ён якраз адчувае, што жыве. Наш народ жыве, і менавіта ў гэтым мацнейшым болю мы адчуваем, як напружана, як глыбока жыве.
Божа, які стварыў гэты народ! Табе не трэба нічога казаць, але для нас саміх нашыя вусны і нашыя сэрцы спрабуюць сфармуляваць тое, што ніколі не маем права згубіць, а менавіта веру. Веру ў саміх сабе і веру ў Тваю гісторыю. Верым, што ў гісторыі мы не сталі і не станем на несправядлівы бок. Верым, што на нашым баку і ў нашым імкненні ёсць больш будучыні, больш таго, што прарасце і дасць плён, чымсьці на баку гвалту і часовай улады. Праўда мацнейшая за ўладу, бо яна вечная. Але ўжо ў гэтую цяжкую хвіліну мы мусім усвядоміць абавязак у будучыні не сядзець склаўшы рукі. Будзем яшчэ больш, чым дагэтуль, працаваць дзеля свайго народу, дзеля ягонай унутранай сілы і адзінства. Чым лепшы народ мы зробім са сваёй нацыі, тым больш зробім таксама й дзеля той лепшай старонкі гісторыі.
І ў нашым лёсе адлюстроўваецца сусветная дзея, якая будзе разыгрывацца паводле вялікага і ўзнёслага закону. Мы не павінны баяцца сусветнага развіцця, наадварот; кожны гвалт ёсць нішто ў параўнанні з чалавечай патрэбай волі, міру і роўнасці паміж людзьмі і народамі. Мы мусім непамерна больш рабіць самі дзеля сябе, мусім яшчэ мацней любіць свой народ, сваіх бліжніх; менавіта ў гэтым і галоўным чынам у гэтым палягае нашае вялікае прызначэнне ў свеце: зрабіць з сябе народ, усебакова варты будучыні, якая будзе лепшай за цяперашні, такі змрочны эпізод еўрапейскай гісторыі.
Божа, мы не просім Цябе, каб ты адпомсціў за нас; але просім, каб кожнага з нас Ты адарыў духам даверу і каб нікога не пакінуў у марнай роспачы, але натхніў бы на пошук таго, чым кожны можа паслужыць у будучыні справам нашага вечнага народу. Нам не трэба цяпер роспачы. Нам патрэбна вера. Патрэбна ўнутраная сіла. Патрэбна дзейсная любоў, якая ўдзесяцярыць нашую моц. Ніколі не будзе малым народ, які не пахіснуўся ў сваёй веры ў будучыню і ў працы дзеля сваёй лепшай будучыні.
22.9.1938.
Karel Čapek. Kniha apokrifu. Praha, 1974.
Пераклаў з чэшскай мовы Валеры Буйвал