Вернемся зноў у Нясвіж. Гэты невялікі горад Мінскай вобласці, былая сталіца «некаранаваных каралёў» Вялікага Княства Літоўскага, цэнтр ардынацыі князёў Радзівілаў, не больш як 10 гадоў таму прызнаны ЮНЭСКА агульнаеўрапейскай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. І ў гэтым вялікая заслуга першага ардыната нясвіжскага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Свае наступныя фундацыі на карысць Касцёла ён рабіў ужо разам з жонкай Эльжбетай Яўхіміяй з роду Вішнявецкіх. Першым іх агульным намаганнем было заснаванне і будаўніцтва ў Нясвіжы мураванага комплексу касцёла і кляштара жаночага ордэна бенедыкцінак. Першая публікацыя ў беларускім мастацтвазнаўстве пра гэты адносна малавядомы архітэктурны помнік была зроблена намі ў 1981 г. («Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», № 1, с. 35—38), пазней ён увайшоў у «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» па Мінскай вобласці (т. 2, 1987, с. 100—101). У апошні час гэтаму помніку прысвяціў артыкул польскі даследчык Т.Бернатовіч. Чытачы «Нашай веры» маглі пазнаёміцца з гісторыяй фундацыі і сакральна-мастацкім начыннем святыні ў артыкуле А.Ярашэвіча «Нясвіжскі касцёл бенедыкцінак», надрукаваным у № 2 за 1998 г. Аднак, разглядаючы спадчыну Сіроткі ў галіне сакральнага будаўніцтва, мы не можам абысціся без аналізу яго ролі не толькі ў справе фундацыі кляштара, але і стварэнні яго архітэктурнага вырашэння.
Матывацыяй чарговага этапа будаўнічай дзейнасці Сіроткі было яго жаданне «асадзіць» у Нясвіжы законніцаў ордэна бенедыкцінак з мэтай выхаваць і адукаваць паненак шляхецкага паходжання каталіцкага веравызнання і, у першую чаргу, прадстаўніцаў жаночай паловы роду Радзівілаў. Ордэн бенедыкцінак разам з езуітамі, бернардзінцамі і дамініканцамі найбольш паслядоўна рэалізоўваў рашэнні Трыдэнцкага Сабора, вызначаўся высокім узроўнем духоўнасці і культуры. Гісторыя існавання ордэна на зямлі Нясвіжа ахоплівае амаль тры з паловай стагоддзі, і была яна ад самага пачатку няпростай. Для прыцягнення ў Нясвіж місіі бенедыкцінак з іх галоўнай рэзідэнцыі ў Хэлмне князь даў ім надзвычай багаты фундуш, каб стварыць трывалую эканамічную базу. «Dobra funduszowe» ўключалі фальварак Гавезна з 170 валокамі зямлі. Да патрабаванняў бенедыкцінак Радзівіл Сіротка ставіўся надзвычай чула і ўважліва. Ён прапанаваў, каб «самі панны, калі Бог паможа, па парадзе тых, хто разумее», выбралі «месца пад кляштар, а затым ужо, у адпаведнасці з месцам, і форма будынка кляштара імі вызначыцца».
Пад будаўніцтва кляштара адвялі 11 моргаў гарадской тэрыторыі, якую кіраўніца ордэна ў Рэчы Паспалітай Магдалена Мартэнская ў лістападзе 1590 г. вызначыла сама. Яна, разам з князем і яго архітэктарам, абумовіла планіровачныя асаблівасці будучага збудавання, якое павінна было спалучаць і кляштарныя, і свецкія адукацыйна-выхаваўчыя функцыі. Ужо існаваўшыя на той час рэзідэнцыі бенедыкцінак у Польшчы — у Хэлмне (1578 г.), Торуні (1579 г.), Жарновіцах (1589 г.) — мелі, на погляд М.Мартэнскай, «стыль старасвецкі», таму ў Нясвіжы, дзе ўсё стваралася ад пачатку, была распрацавана прынцыпова новая канцэпцыя кляштарнага комплексу, якая апярэджвала свой час. Па падліках «муратараў і геометраў некаторых свядомых», як адзначаў сам князь, склалі папярэдні рахунак будаўніцтва, на якое на працягу 5 гадоў, з 1590 да 1595, Сіротка выдаткаваў 7000 польскіх злотых. Праз 7 гадоў ён дадаткова вылучыў яшчэ 2000 злотых на ўтрыманне будынкаў.
Спачатку 10 манашак-бенедыкцінак, што прыбылі ў Нясвіж у верасні 1591 г., жылі ў прыстасаваных драўляных будынках. Фундаменты мураванага кляштарнага комплексу былі закладзены ў маі 1593 г., а ўжо праз 3 гады, у кастрычніку 1596 г., бенедыкцінкі размясціліся ў новым збудаванні, якое адпавядала іх патрэбам і правілам ордэна. Касцёл і двухпавярховы кляштар узводзіліся адначасова і стварылі цэласны архітэктурны ансамбль з Е-падобнай кампазіцыяй плана. Як падкрэсліваецца ў візітацыі комплексу за 1848 г., «залы кляштарныя з касцёлам мурам звязаны». Касцёл, асвечаны ў гонар св. Яўхіміі 12 чэрвеня 1597 г. жмудскім біскупам Мельхіёрам Гедройцам, мае аднанававы аб’ём з неглыбокім трансептам, які ўтварае ў плане святыні лацінскі крыж, але гэтая структура схавана ў аб’ёме кляштара. Звонку сяродкрыжжа першапачаткова было падкрэслена невялікай вежачкай з купалком. З усходу ад сценаў кляштара выступае гранёная апсіда прэзбітэрыя — прыкмета гатычнай спадчыны. У адну лінію з алтарнай сцяной зроблены невялікія прастакутныя закрыстыі.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Характэрна, што тут дамінавалі патрабаванні рэлігійных правілаў, а не абарончая функцыя, уласцівая дойлідству папярэдняга часу. Нават калегіум езуітаў, пабудаваны тым жа італьянскім дойлідам, падобны да рэнесансавых палацца з унутранымі дворыкамі, абкружанымі аркаднымі галерэямі, сваёй замкнёнасцю больш нагадваў абарончае збудаванне, чым ансамбль бенедыкцінскага кляштара. І ўсё ж кляштар бенедыкцінак таксама меў пэўнае абарончае прызначэнне. Ён размяшчаўся пры падыходзе да Нясвіжа з боку Слуцка і Клецка і з’яўляўся адным з пунктаў гарадскіх умацаванняў. У візітацыі кляштарнага комплексу, што знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў Навуковай бібліятэкі Віленскага універсітэта, адзначана: «Кляштар на ўзгорку, з вежай пры ўваходзе з паўночнага боку, а з іншых бакоў валамі і равамі абкружаны». Да таго ж ён абнесены магутнай мураванай сцяной. Такім чынам тут фартыфікацыйныя прыстасаванні былі вынесены за межы комплексу, каб надаць яму большую планіровачную свабоду, абумоўленую толькі мірнай рэлігійна-адукацыйнай функцыяй.
Такі падыход адлюстраваў тэндэнцыю да стварэння адкрытых рэпрэзентатыўных архітэктурных ансамбляў эпохі барока.
Яшчэ адно сведчанне імкнення ізаляваць манашак ад свецкіх паненак можна ўбачыць у незвычайнай арганізацыі ўнутранай прасторы святыні. Адразу ад трансепта нава пасярэдзіне вышыні падзелена на два ярусы, перакрытыя магутнымі «старасвецкімі» скляпеннямі з распалубкамі, але без падпружных аркаў. Верхні ярус, агароджаны драўлянай разной балюстрадай, прызначаўся для манашак-бенедыкцінак.
Пазней кляштарны комплекс бенедыкцінак зазнаў шмат перабудоваў і рамонтаў. Мы вылучым два найбольш буйныя будаўнічыя этапы ў яго гісторыі, якія храналагічна адпавядаюць істотным зменам у архітэктурным абліччы княскай рэзідэнцыі і ўсяго горада. У першай палове ХVІІІ ст. (да 1733 г.) цалкам перабудаваны галоўны фасад касцёла: разабраны круглыя вежачкі з вітымі ўсходамі, нава прасторава падоўжана на захад, за чырвонай лініяй кляштара ўтвораны квадратны ў плане аб’ём з магутнымі сценамі, які ўвянчала шмат’ярусная вежа, падобная да вежы нясвіжскага замка. Гэтае падабенства дазваляе лічыць, што азначаныя перабудовы выкананы пад кіраўніцтвам Казіміра Антонія Ждановіча, прыдворнага архітэктара князя М.-К.Радзівіла Рыбанькі, які ўзнаўляў княскую рэзідэнцыю пасля разбурэнняў Паўночнай вайны.
Вуглы прыбудаванай часткі, не звязанай перавязкай з асноўным мурам, каб яна магла трывала несці магутную вежу, мусілі ўзмацніць на абодвух ярусах ніжняга чацверыка так званымі езуіцкімі скляпеннямі, у якіх распалубкі сыходзяцца па дыяганалі вугла. Гэта робіць скляпенне больш лёгкім і адначасова прасторава «жорсткім», устойлівым. У распалубках-люнетах на абодвух ярусах размешчаны вокны. Дзякуючы гэтаму прыёму ўся кампазіцыя галоўнага фасада з цэнтральнавосевай змянілася на двухвосевую, што падкрэслена і размяшчэннем пілястраў. Цяпер вежы няма, але яе можна бачыць на малюнку Н.Орды 1876 г. Намі знойдзены ў архіве абмерны чарцёж вежы, зроблены ў 1879 г. пасля таго, як яе пашкодзіла маланка. Пазней вежу разабралі. Чарцёж дае ўяўленне пра яе архітэктуру. Два верхнія васьмігранныя ярусы мелі аднолькавае сячэнне, але даволі значна скарачаліся па вышыні і завяршаліся фігурным барочным купалам з 2-яруснай «банькай»-сігнатуркай. Такое вырашэнне надавала вежы масіўнасць і веліч, але адначасова дынамічнасць і маляўнічасць. У дэкоры выкарыстаны элементы ордэрнай пластыкі, характэрнай для сталага барока.
Новы этап разбудовы комплексу пачаўся ў 1760-х гадах, пры князю К.-С.Радзівіле Пане Каханку. У 1763 г. ансамбль дапоўніла надбрамная вежа ў стылі позняга беларускага барока, званага віленскім. Цікава, што ў «Рэестры прыхода і расхода касцёла і кляштара бенедыкцінак нясвіжскіх», які ахоплівае гады з 1733 да 1811, пяць разоў упамінаецца архітэктар з Вільні і аплата за яго працу, але прозвішча не называецца. Магчыма, ён і ёсць аўтар надбрамнай вежы. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне мае ўнутры чатыры ярусы, а звонку — тры, якія паступова змяншаюцца па памерах і падзелены развітымі прафіляванымі карнізамі. Багацце і маляўнічасць дэкаратыўнай аздобы ўгару ўзрастае, вуглы аформлены разнастайнымі пілястрамі, вокны — фігурнымі абрамленнямі. Завяршае вежу прыгожы барочны купалок. Драўляныя дзверы ў браме з абодвух бакоў аздоблены па-мастацку выкананымі каванымі металічнымі накладкамі. Да ўваходу з боку горада вядзе адмысловая лесвіца, якая складаецца з некалькіх невялікіх пандусаў, што нібыта сцякаюць па пакатым узгорку. Напэўна, па ёй падымаўся да брамы апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які наведаў Нясвіж і кляштар бенедыкцінак у 1784 г.
![]() |
![]() Сучасны выгляд. |
Касцёл св. Юр’я ўяўляў сабою мураваную трохнававую базыліку з плоскім бязвежавым фасадам, які меў барочную двух’ярусную будову і завяршаўся трохвугольным франтонам, па пластыцы больш сціплым за фасад касцёла езуітаў, да якога ён быў павернуты. З паўночнага боку ён замыкаў унутраны кляштарны двор, куды вяла невысокая надбрамная вежа, размешчаная побач з галоўным фасадам касцёла. Вышыннай дамінантай усяго ансамбля была шмат’ярусная чацверыковая вежа-званіца, размешчаная каля прэзбітэрыя. Лічыцца, што яна таксама мела абарончае прызначэнне, ахоўваючы кляштар з боку прадмесцяў горада. Тут мы сустракаемся з яшчэ адным варыянтам кампаноўкі вежаў шматфункцыянальнага прызначэння з барочным па сутнасці тыпам храма — базылікай. Аднак у дадзеным выпадку базыліка не мае трансепта, што з’яўляецца выключэннем для ідэалагічна праграмнага сакральнага будаўніцтва Сіроткі, але адпавядае будаўнічым традыцыям ордэна бернардзінцаў (гэта бачна на згаданай вышэй карце).
![]() |
Асноўная частка Мікалаеўскага касцёла ўяўляе чыстую і строгую па прапорцыях трохнававую 6-слуповую базыліку з прэзбітэрыем у выглядзе паўкруглага завяршэння цэнтральнай навы, што надае масам збудавання надзвычайную маналітнасць і выразную масіўную пластыку. Характэрна, што навы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, але без папярочных падпружных арак, і ў гэтым — канструкцыйны крок назад у параўнанні з нясвіжскім касцёлам езуітаў. Адметны характар мае вырашэнне ўсёй перадалтарнай часткі. Абапал вімы прэзбітэрыя размешчаны аб’ёмы закрыстый са скругленым абрысам вонкавых вуглоў, што надае святыні ў плане выгляд трохапсіднай. Як вядома, трохапсіднасць уласцівая праваслаўнаму дойлідству папярэдняга часу, магчыма таму гэтая форма звонку замаскіравана: з дапамогай вуглавых контрфорсаў ёй нададзены прастакутныя абрысы. Да закрыстыі па баках сіметрычна далучаны роўнавысокія з імі пяцігранныя прыбудовы, якія (у пэўнай ступені) імітуюць трансепт. Іх архаічныя гранёныя формы з’яўляюцца рэмінісцэнцыяй рамана-гатычнай архітэктуры. Цікава, што адзіны вельмі прыблізны аналаг падобнага вырашэння алтарнай часткі мы з цяжкасцю знайшлі ў саборы ХІІ ст. у Туме (Польшча).
![]() |
![]() |
Мы паспрабуем з дапамогай мастацтвазнаўчага аналізу архітэктурных формаў святыні прыйсці да абгрунтавання ці адмаўлення прыведзеных вышэй разрозненых звестак, што даволі няпроста. Па-першае, трэба адзначыць, што існуючы ў Дзераўной храм ад пачатку не мог быць кальвінскім зборам, хаця са спадчынных дакументаў Радзівілаў ад 1590 г. вынікае, што ў Дзераўной быў пляц, дзе жыў кальвінскі «міністр». І не толькі з-за неадпаведнасці даты фундацыі і імені фундатара гэтаму прызначэнню. Характэрна, што ўсе вядомыя мураваныя кальвінскія зборы на Беларусі мелі рысы паўночнаеўрапейскага рэнесансу, пераважна Нідэрландаў, дзе панаваў пратэстантызм. Да таго ж у іх звычайна адсутнічала вылучаная алтарная частка, што адпавядала ідэалагічным канонам пратэстантызму. Адзін з іх — прызнанне свяшчэнства ўсіх дарослых, хрышчоных па веры. Таму рэфармацкія храмы і завуцца зборамі, а дамінантную ролю ў іх адыгрывае не алтар, а кафедра прапаведніка. У той жа час святыня ў Дзераўной мае развітую шматгранную апсіду прэзбітэрыя.
Мястэчка Дзераўная адышло Радзівілам у спадчыну ад княгіні Яўхіміі Вішнявецкай, маці жонкі Сіроткі, якая заснавала тут касцёл, аддаўшы яму сёлы Саковічы і Алісевічы з 40 валокамі зямлі. Але невядома, калі змуравалі касцёл: у той час ці не. Нават калі яго пачалі будаваць пасля 1598 г. (дата фундацыі Сіроткі і яго жонкі), што найбольш верагодна, у яго ўзвядзенні ўжо не мог удзельнічаць з-за ад’езду ў Кракаў архітэктар Бернардоні. Гэтую думку пацвярджае той факт, што дзераўнянскі касцёл «самы гатычны» з усіх храмаў са спадчыны Сіроткі, а Бернардоні быў майстрам барока, хоць і падпарадкоўваўся ў сваёй творчасці мясцовым густам і традыцыям.
![]() |
![]() |
Мастацтвазнаўчы аналіз святыняў, фундаваных М.-К.Радзівілам Сіроткам, дае падставы сцвярджаць, што ў развіцці сакральнай архітэктуры Беларусі на мяжы ХVІ—ХVІІ стст. назіраюцца дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, абцяжаранасць готыка-рэнесансавымі традыцыямі, а з другога — парасткі станаўлення новай мастацкай канцэпцыі барока. Складаную палітру творчых пошукаў у дойлідстве гэтага перыяда цяжка вызначыць як чыстае барока, аднак мы прапануем характэрызаваць з’яву па прагрэсіўнай дамінанце і сацыяльнай матывацыі яго развіцця «нясвіжскім барока» альбо «стылем Сіроткі». Апошні, як бачым, быў фундатарам і меў пэўнае дачыненне да стварэння большасці сацыяльна значных помнікаў манументальнага сакральнага будаўніцтва каталіцкай канфесіі і, як заказчык, актыўна праводзіў у іх ідэалагічную праграму Контррэфармацыі. У польскім мастацтвазнаўстве ранняе барока Рэчы Паспалітай вызначаецца як «кракаўскае», што адмаўляе сапраўдны прыярытэт Нясвіжа. На грунце архітэктурнай спадчыны Сіроткі мы маем падставы замацаваць свае нацыянальныя прыярытэты ў развіцці мастацкай культуры.