Бп. Алег БУТКЕВІЧ

СЛОВЫ ВІНШАВАННЯ ЧАСОПІСУ АД БІСКУПА АЛЕГА БУТКЕВІЧА

Шаноўная рэдакцыя, шаноўныя аўтары і чытачы!

Радуюся разам з вамі з нагоды выхаду ў свет 100-га нумару часопіса «Наша вера». За час свайго існавання квартальнік стаў сапраўдным летапісцам гісторыі каталіцкага адраджэння ў нашым Краі, крыніцаю ведаў пра гісторыю Касцёла, пра выбітных асобаў, пра нашу духоўную рэлігійную спадчыну і культуру.

Выдатныя творы сусветнай каталіцкай літаратуры і творы сучасных беларускіх і замежных аўтараў, нашы каталіцкія святыні — старажытныя і сучасныя, лепшыя ўзоры хрысціянскага мастацтва — усё гэта нязменна выклікае цікавасць, прываблівае і захапляе на старонках квартальніка «Наша вера».

Няхай жа і надалей на старонках часопіса ажываюць важныя гістарычныя падзеі з жыцця Касцёла, глыбока ўкаранёныя ў каталіцкую хрысціянскую духоўнасць нашых продкаў, каб служыць натхненнем для сучаснікаў і нашчадкаў і прыкладам вернасці Хрысту і Касцёлу для ўсіх пакаленняў беларускіх католікаў. Няхай часопіс і надалей плённа ўдзельнічае ў евангелізацыі беларускага грамадства, несучы ўсім людзям словы Божай праўды і вучэнне Хрыстовага Касцёла.

Сардэчна віншую ўсіх вас з юбілейным нумарам «Нашай веры», зычу ўсім шчодрых дароў Духа Святога, Божага благаслаўлення і нястомнай апекі Багародзіцы на далейшым творчым, шчаслівым і плённым шляху евангелізацыі.

Біскуп Алег Буткевіч,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.