Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

ЗАГАДКАВАЯ І СТАРАЖЫТНАЯ
Навяртанне
Да юбілею 2000 года
Мастацтва

АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ

«Я ЎКЛАНІЎСЯ ЯМУ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Пра самае важнае

ПАНЕ, НАВУЧЫ НАС МАЛІЦЦА...

КРЫЖ ПРЫДПРОЖНЫ
Жыццё ў законе

НА ВЕРНАСЦЬ ХРЫСТУ
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПУНКЦІРЫ ЦЯРНІСТАГА ШЛЯХУ
З жыцця Касцёла

Алесь ЖЛУТКА

ЗАХОДНЯЕ ХРЫСЦІЯНСТВА НА БЕЛАРУСІ

Пра раннюю гісторыю Беларусі мы дагэтуль маем абмежаваныя веды. Шматлікія матэрыялы, выяўленыя археолагамі, усё ж такі недастатковыя для ўзнаўлення больш-менш пэўнай карціны падзеяў VIII-XII стст. Часам адзіная крыніца звестак пра гэты перыяд – летапісныя паведамленні. Але і тут мы ступаем на даволі плыткую глебу, бо сутыкаемся з такою з’яваю, як выпраўленне летапісаў згодна з пэўнымі палітычнымі і ідэалагічнымі ўстаноўкамі, г. зн. са своеасабліваю цэнзураю. У цэнтры летапісання Кіеве, які змагаўся за рэлігійную незалежнасць ад Візантыі, ішла барацьба між нацыянальнай і правізантыйскай партыямі. Калі перамагала апошняя, адбывалася адпаведная адаптацыя летапісаў. Гэтак з іх прападалі звесткі пра самастойнае рэлігійнае жыццё на ўсходнеславянскіх землях, узаемадачыненні з Рымам ды інш. Пасля заняпаду Кіева ў канцы ХІІ ст. і зруйнавання яго татарамі ў 1240 г. на ролю галоўнага цэнтра праваслаўя на ўсходнеславянскіх землях усё больш энергічна пачынае прэтэндаваць Масква, а летапісы з гэтага часу падлягаюць яшчэ адной – маскоўскай цэнзуры1. Апрача таго, яшчэ ў самім Кіева маглі рабіцца пэўныя маніпуляцыі са звесткамі пра беларускія княствы, асабліва пра Полацкае, якое заўсёды імкнулася весі незалежную палітыку.

Самая ранняя выява Багародзіцы.

Недахоп інфармацыі пра падзеі VIII-XII стст. маглі б кампенсаваць беларускія летапісы, але, на жаль, яны загінулі, як незлічонае мноства іншых рукапісных матэрыялаў, што захоўваліся ў бясследна зніклых архівах нашых святыняў, дзяржаўных установаў, школаў. Даследаванні, прысвечаныя лёсу помнікаў ранняга беларускага пісьменства, малююць жудасную панараму амаль цалкавітага іх знішчэння падчас войнаў, пажараў і чужынскага панавання2. Не выключана, што частка беларускіх летапісаў магла быць знішчаная з ідэалагічных меркаванняў. Вядома, што на загад Кацярыны ІІ для яе збіраліся летапісныя зборы з Беларусі ды Украіны, з якімі яна працавала асабіста. Было сабрана каля 150 летапісаў, з якіх да нашага часу захавалася менш за 50. Зніклі і вопісы гэтай калекцыі3. Невядома дзе падзеўся таксама г. зв. летапісец Еропкіна, складзены ў Полацку, якім карыстаўся В. Н. Тацішчаў.

Таму і сёння мы не маем адказу на самыя істотныя і відавочныя пытанні гісторыі хрысціянства ў Беларусі: Калі і ад каго прынялі хрост беларускія землі? Калі з’явіліся ў нас першыя хрысціянскія святыні і біскупствы? Да якога абраду належалі першыя хрысціяне на нашай тэрыторыі і хто спраўляў над імі духовую ўладу? Толькі прыблізна мы можам сёння казаць і пра сам працэс хрысціянізацыі беларускіх земляў у перыяд да прыняцця хросту Кіевам, ды нават і ў першыя стагоддзі пасля гэтага. Некаторыя высновы мы ўсё ж паспрабуем зрабіць, абапіраючыся на агульную гісторыю хрысціянства ў Еўропе, у якую самым непасрэдным чынам уключаліся славянскія народы, на той гістарычна-культурны кантэкст і тое атачэнне, у якім адбывалася хрысціянізацыя Беларусі.

1. Рымская імперыя і першапачатковае хрысціянства

Рымская імперыя ў канцы IV ст.

Каб прасачыць шляхі хрысціянства на нашыя землі, мы мусім звярнуцца да ягонай ранняй гісторыі і перш за ўсё кінуць погляд на ягоную калыску – Рымскую імперыю. Гэтая велізарная дзяржава на пачатку новай хрысціянскай эры займала тэрыторыю амаль усёй Заходняй і Паўднёвай Еўропы: сённяшніх Італіі, Іспаніі, Францыі, Англіі, Заходняй Нямеччыны, Аўстрыі, Югаславіі, а таксама заходнюю частку Малой Азіі, Сірыю, Палестыну, Аравію і міжземнаморскае ўзбярэжжа паўночнай Афрыкі. На пачатку IV ст. у Рыме спыняецца пераслед хрысціянаў, а пасля Міланскага эдыкту 313 г. новая рэлігія легалізуецца і ў канцы IV ст. робіцца пануючай у дзяржаве4. Сама імперыя з 395 г. пасля смерці Тэадосія І раздзяляецца на Заходнюю са сталіцаю ў Рыме і Усходнюю, цэнтрам якой становіцца заснаваны ў 324 г. на месцы былога Візантыя Канстантынопаль (сёння Стамбул у Турцыі)5. Мяжа паміж дзвюма імперыямі – Заходняй Рымскай і Усходняй Рымскай пралягла па лініі поўнач-поўдзень, праведзенай з самай заходняй кропкі Балканскага паўвострава. Гэты падзел выявіў адрозненні духовага жыцця і культуры абодвух рэгіёнаў, а з цягам часу прывёў да размежавання і самога хрысціянства на дзве плыні: візантыйскую альбо грэцкую і рымскую альбо лацінскую.

Імператар Канстанцін (306-337), пры якім скончыўся пераслед хрысціянаў.

Ужо ў І-ІІ стст. з Рымскай імперыяй мелі кантакты славяне, якія ўпершыню згадваюцца ў тагачасных антычных аўтараў: Плінія Старэйшага, Тацыта і Пталемэя – пад назваю венедаў. Магчыма, што яшчэ тады некаторыя з іх атрымалі хрост. Прынамсі, існавала даўняя традыцыя пра пропаведзь хрысціянства сярод славянаў у рымскай правінцыі Ілірыку (прыблізна, тэрыторыя сённяшніх югаслаўскіх мясцовасцяў Далмацыі і Босніі, а таксама Албаніі) самім апосталам Паўлам, які паставіў ілірыйскім біскупам Андроніка. Паданне было вядомае і першым усходнеславянскім хрысціянам, як вынікае з запісу гэтай легендарнай падзеі пад 887 г. у Аповесці мінулых часоў6. Паводле той жа Аповесці (недатаванай яе часткі), сярод славянаў на поўнач ад Чорнага мора нібыта вёў місійную працу апостал Андрэй, празваны з гэтае прычыны Першазваным7. Гэтыя паданні могуць сведчыць пра нейкія раннія спробы хрысціянізацыі славянаў на суседніх альбо недалёкіх ад Рымскай імперыі абшарах.

2. Вялікае перасяленне народаў і выхад славянаў на гістарычную арэну

Колькасць кантактаў славянаў з хрысціянамі і іх інтэнсіўнасць безумоўна ўзраслі ў часы Вялікага перасялення народаў, калі са сваіх месцаў скрануліся вялікія масы самых розных плямёнаў. Традыцыйна пачатак гэтага працэсу датуюць 375 г., г. зн. момантам гунскага нашэсця, але яшчэ да гэтага ў І ст. са Скандынавіі ў рэгіён каля вусця Віслы (сёння гэта прыбалтыйскае ўзбярэжжа Польшчы) перамясціліся германскія плямёны готаў, якія выцеснілі адсюль частку венедаў і папхнулі іх на поўдзень і ўсход. На пачатку ІІІ ст. большая частка готаў рушыла на паўднёвы ўсход і асела ў Прычарнамор’і – ад Дону да нізоўя Дунаю. Тут яны сталі падзяляцца на дзве групоўкі: усходніх – стэпавых альбо остготаў і заходніх – лясных альбо вэстготаў8. Готы падпарадкавалі сабе частку славянскіх і скіфа-сармацкіх плямёнаў і са сваіх новых аселішчаў рабілі спусташальныя набегі на суседзяў, у тым ліку і на ўладанні Рымскай імперыі, адкуль яшчэ ў канцы ІІІ ст. яны пачалі прымаць хрост. Місіі сярод готаў мелі біскупы з прылеглых рымскіх правінцыяў. Сярод вэстготаў місійная праца вялася з Мезіі (сёння паўночная Балгарыя) біскупамі Маркіянопаля і Томаў. Разам з прававерным хрысціянствам тут, аднак, шырыліся ерасі: аўдыянская і найбольш арыянская (арыяне лічылі, што Хрыстус не адзінасутны, а толькі падобнасутны Богу Айцу, што ён не існаваў спрадвеку, і што ён не Бог, а толькі пасярэднік між Богам і людзьмі)9. Остготы спачатку прымалі прававернае хрысціянства, якое прапаведавалі місіянеры з рымскіх правінцыяў у Малой Азіі. Аднак, праз нейкі час арыяне з’явіліся і тут, ратуючыся ад пераследу вэстгоцкага караля Атанарыха. Арыянства было асуджанае ў 325 г. І Нікейскім Саборам, дзе, дарэчы, прысутнічаў ужо і ўсходнегоцкі біскуп Тэафіль. Апрача яго, остготы ў канцы IV ст. мелі яшчэ біскупа Унілу, якога высвеціў Канстантынопальскі арцыбіскуп св. Ян Залатавусны. У вэстготаў быў вядомы арыянскі біскуп Вульфіла, таксама высвечаны ў Канстантынопалі. З імем Вульфілы звязваюць стварэнне гоцкага алфавіту і пераклад на гоцкую мову Бібліі ды асноўных богаслужбовых тэкстаў.

У 375 г. з нетраў Азіі на захад рушылі цюркскія плямёны – гуны, якія часткова падпарадкавалі сабе остготаў, а часткова адцяснілі іх. Тыя ж, у сваю чаргу, папхнулі вэстготаў у заходнім кірунку. Частка остготаў, ратуючыся ад гунаў, відаць, падалася ў Крым і Прыазоўе. Менавіта гэтыя готы мелі біскупа Унілу. Магчыма, сядзіба Гоцкай епархіі, а пазней метраполіі, спачатку была ў Дорасе на паўночным Крыме. Адна група з гэтых готаў апынулася аж на Таманскім паўвостраве, у ваколіцах былой грэцкай калоніі Фанагорыі, пазней Таматархі, летапіснай Цьмутаракані. Тут пазней існавала найстарэйшае «рускае» біскупства, якое, магчыма, мела пераемнасць ад былой Гоцкай метраполіі10. Вэстготаў узяў пад сваю апеку Рым і яны, перайшоўшы Дунай, пасяліліся ў Рымскай правінцыі Мезіі. Гуны ж асталяваліся ў Паноніі (сёння – Заходняя Венгрыя – Усходняя Аўстрыя), адкуль рабілі спусташальныя набегі на сваіх суседзяў. Асабліва ўзмацніліся гуны пры Атыле (435-453), празваным у заходнееўрапейскіх хроніках «бічом Божым» за незвычайную лютасць і бязлітаснасць. Канец гунскай навале паклала толькі бітва на Каталюнскіх палях (на тэрыторыі сённяшняй Францыі) у 452 г. У гунскі саюз, апрача остготаў, уваходзілі шэраг іншых германскіх плямёнаў, і, мабыць, асобныя групоўкі славянаў.

V стагоддзе сталася часам канца Заходняй Рымскай імперыі. У 404 г. з вярхоўяў Дунаю ў Італію ўварваліся германцы, праз некалькі гадоў усю яе спустошылі вэстготы, якія, захапіўшы і абрабаваўшы ў 410 г. Рым, пранесліся па паўднёвай Галіі (тэрыторыя Галіі прыкладна супадае з усёй сённяшняй Францыяй) і назаўсёды аселі ў Іспаніі. У 476 г., калі германскі правадыр Адоакр пакараў смерцю апошняга рымскага імператара, Рымская дзяржава перастала існаваць. А ў 496 г. Італія апынулася пад уладаю Тэадорыха, куды ўвайшла таксама Панонія і некаторыя іншыя падунайскія землі11.

Гоцкі алфавіт.

У часы гоцкага і гунскага нашэсця славяне ўсё часцей узгадваюцца на старонках тагачасных гістарычных крыніцаў, перадусім ў гоцкага храніста Ёрдана і ў шматлікіх візантыйскіх пісьменнікаў. Пра стасункі славянаў з готамі і гунамі можа сведчыць адно даўняе паданне, якое захавалася ў скандынаўскай сазе пра Тыдрэка Бэрнскага. У ёй поруч з усходнеславянскім князем Гертнітам і палабскім Вільцінам дзейнічаюць кароль остготаў Тэадорых і правадыр гунаў Атыла12. Цікава, што гоцкім называлі раннеславянскае пісьмо. Магчыма, яшчэ ад готаў хрысціянства ў паўднёвых славянаў атрымала і заўважны дамешак арыянства, у якім абвінавачвалі нават св. Мятода13. Адтуль арыянскія ідэі патрапілі на ўсходнеславянскія землі, пра што сведчыць некананічны Сімвал веры, прыведзены ў Аповесці мінулых часоў14. Сляды готаў знойдзены пры археалагічных раскопках у паўднёва-заходняй частцы Беларусі. Некаторыя даследчыкі звярнулі таксама ўвагу на назву «гуды», якою здавён акрэсліваюць беларусаў летувісы і якая суадносіцца з лацінскімі і германскімі формамі наймення готаў15.

Наступнай хваляй агульнага руху народаў быў прыход авараў (ва ўсходнеславянскіх летапісах яны называюцца обрамі), якія ў VI ст. на поўдні сутыкнуліся са славянамі і Візантыяй, а затым пайшлі далей на захад і ў Паноніі стварылі Аварскі каганат, што бязлітасна рабаваў і эксплуатаваў суседнія народы, перш за ўсё славянскія. Пагроза з боку авараў і маладой Франкскай дзяржавы прывяла да аб’яднання ў VII ст. часткі заходніх (лужыцкіх сорбаў, слязянаў, чэхаў, мараваў, славакаў) і паўднёвых (славенцаў) славянскіх плямёнаў у адну дзяржаву, якая па імені князя была названая Само. Пазней, у VIII ст., на яго тэрытарыяльнай аснове ўтварыліся незалежныя княствы ў Нітры (Славакія) і ў Маравіі (паўднёва-ўсходняя частка Чэхіі).

3. Франкская дзяржава і яе роля ў хросце славянаў

Франкская дзяржава пры Каралінгах.

У барацьбе з аварамі славяне ўваходзілі таксама ў саюзы з Візантыяй і новаю Франкскаю дзяржаваю, якая пачала фармавацца на паўночных абшарах былой Рымскай імперыі яшчэ ў V ст., а ў VII ст. пры дынастыі мэровінгаў яе межы ахоплівалі ўсю Галію і значную частку Германіі. На хуткае пашырэнне хрысціянства ў гэтай магутнай дзяржаве, як і ва ўсёй Еўропе, вялікі ўплыў зрабілі мніхі. Заходняе манаства пераняло эстафету ад пустэльнікаў і манахаў Егіпту, Сірыі, Палестыны, гэткіх, як св. Базыль, Атанас Вялікі, св. Антоній ды інш. Рымскае грамадства знаёмілі з іх подзвігамі ў сваіх творах св. Гэронім (384-420), св. Руфін (345-410) і Сульпіцый Сэвэр (IV-V стст.). Св. Амбросій (340-397), св. Аўгустын (354-430) ды св. Гэронім дзейсна спрычыніліся да арганізацыі кляштараў і манаскага жыцця ў Італіі. Дзякуючы ім паўсталі кляштары ў Крэмоне, Балоньі, Равэне, Павіі, Неапалі, а таксама асяродкі ў правінцыі Кампаніі і на в. Сіцылія16. Першай жа манаскай абшчынаю на Захадзе лічыцца суполка ў Вэрчэлях, створаная тутэйшым біскупам Эўсэбіем недзе ў 363-371 гг. Амаль адначасова з’явіліся асяродкі манаства ў Галіі, шмат якія з іх, у тым ліку і гэткія знакамітыя, як кляштары ў Лігужы і Мармуцье, былі заснаваныя св. Марцінам Турскім (316-39?) – першым заходнім біскупам-манахам. Але спачатку, каля 360 г., ім была закладзена ў Пуацье, на паўночным захадзе Галіі, напаўсамотніцкая абшчына. На гальскім поўдні, найбольш славутым цэнтрам аскезы, які стаўся зародкам манаства ў Франкскай дзяржаве, былі Лерынскія астравы ў Міжземным моры каля г. Марселя, дзе на пачатку V ст. манаскае жыццё арганізоўваў св. Ганарат. У Лерыне быў выхаваны цэлы шэраг вядомых рэлігійных дзеячоў і біскупаў. Унутранае жыццё Лерынскага кляштару было ўладкаванае на ўзор егіпецкіх эрэмітаў. Манахі, сярод якіх было шмат выхадцаў з вышэйшых колаў, адрозніваліся незвычайнай адукаванасцю17.

Манахі з Паўночна-Заходняй і Паўднёвай Галіі прынеслі хрысціянства ў Ірландыю, Шатландыю і Англію. Заснавальнікам ірландскага манаства і апосталам Ірландыі лічыцца св. Патрык (389-461), які выхоўваўся ці ў Мармуцье ці ў Лерыне. Пасвяціўшы Патрыка ў біскупы, папа Цэлестын І накіраваў яго ў Ірландыю, дзе праз нейкі час той заснаваў шэраг кляштараў, у тым ліку і найбольш вядомы ў Арме. Але яшчэ да гэтага, у 395 г., дзякуючы намаганням высвечанага ў Рыме біскупа Брытэ Нініяна, з’явіўся першы кляштар Кандыда Газа ў Шатландыі як цэнтр місійнай дзейнасці ў рэгіёне. Прыкладна ў гэты ж перыяд адбывалася хрысціянізацыя Заходняй Брытаніі (Уэльс). Манаскі характар першых місіяў у гэтых краінах вызначыў сутнасць Ірландскага і Брытскага касцёлу. Тут місіянеры ў сваёй дзейнасці абапіраліся на род альбо клан. У родзе яны асядалі і атрымлівалі ад яго старэйшыны зямлю для кляштара. Між кляштарам і кланам ад пачатку ўсталёўвалася цесная сувязь; нават сан абата часцяком перадаваўся ў спадчыну ў межах галоўнай сям’і, якая адорвала кляштар. Абат, які быў на чале кляштара, рабіўся зверхнікам усяго духовага жыцця клана. Як правіла, ён быў і біскупам. Гэткія своеасаблівыя рысы, якія не перашкодзілі Ірландскаму касцёлу стаць надзвычай дзейным і эфектыўным місійным асяродкам, захаваліся і пазней.

У кляштарах Ірландыі, Шатландыі і Брытаніі квітнела грэцкая і рымская асвета, чыталіся і перапісваліся антычныя пісьменнікі і паэты, выкладаліся арыфметыка ды музыка18. Па сваім культурным узроўкі Ірландскі касцёл V-VIII стст. займаў першае месца ў Еўропе19, а адзін старажытны каталог налічвае тут больш за 750 святых20. Гэта дало падставу называць краіну Астравамі святых і вучоных. Ірландскія манахі зрабілі велізарны ўплыў на пашырэнне хрысціянства і высокай культуры на кантыненце, заклаўшы ў межах Франкскай дзяржавы шэраг новых хрысціянізацыйных асяродкаў. Яны падрыхтавалі Каралінгскае адраджэнне. Шэраг кляштараў ірландскага тыпу на франкскіх землях былі створаны дзякуючы св. Калюмбану (каля 540-615 гг.), які прыбыў сюды каля 590 г. з групай іншых ірландскіх манахаў. Неўзабаве паўсталі паселішчы ў Анэгрэі, Фантэне і ў Люксэі, з якіх хутка адпачкаваліся новыя кляштары. На працягу VII ст. іх узнікла больш за 100. Сам Калюмбан скончыў свой жыццёвы шлях на італійскай зямлі ў заснаваным ім знакамітым кляштары Бобіё. Ірландскімі кляштарамі пакрыўся і поўдзень Германіі (Вюрцбург, Рэгенсбург, Вена і нават славянская Карынтыя). Місіянеры з Ірландыі сягалі ў самыя аддаленыя куткі тагачаснага свету, далёка ад мора, і нават даплывалі да Ісландыі. Яны адыгралі выдатную ролю таксама ў хрышчэнні славянаў. З VI да ХІ ст. Ірландскі касцёл меў значны ўплыў ва ўсёй Еўропе, асабліва ў Цэнтральнай21.

Манаскае жыццё на Захадзе рэгулявалася спачатку правіламі, выпрацаванымі на Усходзе, перш за ўсё св. Базылём і св. Пахоміем. Пазней былі складзеныя заходнія рэгулы св. Аўгустына (354-430), св. Касыяна (360-435) і г. зв. Regula magistri, затым паўсталі іншыя, менш вядомыя. Аднак не існавала нейкага аднаго, агульнапрынятага статута. З пашырэннем ірландскага манаства, якое выпрацавала свой асаблівы тып жыцця ў кляштары, набывалі вядомасць іхнія рэгулы, перадусім «ірландскага Бэнэдыкта» Фініяна і св. Калюмбана. Апошняя адрознівалася сваёй суровасцю. Уся гэтая шматстайнасць урэшце была зведзеная ў адно св. Бэнэдыктам Нурсійскім (паміж 480-490 і 550-560) у ягоным «Святым статуце». Заснаваны ім кляштар на Монтэ Касіно стаў буйным цэнтрам рэлігійнага жыцця і ўзорам для наследавання. Хутка статут Бэнэдыкта ўсталяваўся і ў іншых італійскіх кляштарах і паступова быў прыняты абшчынамі ў Галіі і Германіі. Першы, абраны з манахаў папа Грыгорый І (гады кіравання 590-604) паслаў у Англію групу бэнэдыктынаў на чале з абатам Аўгустынам. Дзякуючы гэтаму, пачалася хуткая хрысціянізацыя Англіі. Адсюль бэнэдыктынскі статут пашыраецца сярод ірландскіх манахаў, якія робяцца яго гарачымі праваднікамі, а праз англійскіх місіянераў ён пранікае на нямецкія землі. Да пачатку ІХ ст. статут св. Бэнэдыкта трывала замацаваўся амаль паўсюль ў Еўропе22.

У Франкскай дзяржаве, якая атрымала сваю назву ад наймення германскага племені франкаў, хрысціянства пачало займаць трывалыя пазіцыі з прыняццем хросту каралём Хлодвігам і ягонымі падданымі ў 496 г. У 517 г. былі ахрышчаныя бургунды. Дзяржава ўмацоўвалася і хутка пашырала сваю тэрыторыю, дасягнуўшы найбольшай магутнасці пры дынастыі каралінгаў і асабліва пры Карле Вялікім (768-814). Пры ім у дзяржаву была ўключана амаль уся Італія разам з Рымам, уся Германія да р. Лабы (Эльбы) і частка паўднёваславянскіх земляў. Карл Вялікі ўзяў пад сваю апеку папу Рымскага, а ў яго асобе – усіх заходніх хрысціянаў. На Нараджэнне Хрыстовае 800 г. адбылася каранацыя Карла каронаю рымскіх імператараў. Тым самым была адроджана Заходняя Рымская імперыя23. Падчас заваявання Саксоніі франкі ўвайшлі ў стасункі з палабскімі (ад назвы р. Лабы) славянамі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. У гэтай вайне на іх баку змагаліся славяне абадрыты. Іншае палабскае племя – вільцы-люцічы, а таксама сорбы і чэхі былі абкладзены данінаю. На паўднёвым усходзе франкі падпарадкавалі сабе славенцаў (Карынтыя) і харватаў. У 788 г. у саюзе са славянамі Франкская дзяржава разбіла авараў, паклаўшы канец іх доўгаму панаванню на сярэднім Дунаі24.

Усё больш імклівая хрысціянізацыя Франкскай дзяржавы не магла не закрануць і суседніх, альбо падлеглых славянскіх плямёнаў. Вялікая праца на германскіх землях была праведзена англійскімі місіянерамі Пірмінам, Вілібальдам і асабліва «апосталам Германіі» Уінфрыдам-Баніфацыем ды ягоным вучнем Штурмам. За час ад прыбыцця св. Баніфацыя на кантынент з 718 г. да ягонай мучаніцкай смерці ў 754 г. паўстаў шэраг кляштараў, найбольш вядомы з якіх у Фульдзе, а таксама былі ўтвораныя некалькі біскупстваў на ўсходніх германскіх землях: у Франконіі, Турынгіі і Баварыі. Усе яны падпарадкоўваліся арцыбіскупам Кёльнскаму, Трырскаму і Зальцбургскаму, а тыя, у сваю чаргу, – арцыбіскупу Майнцкаму, прымасу Германіі і папскаму легату Баніфацыію. Межы новых епархіяў закранулі славянскія ўладанні, а часам і прайшлі па некаторых з іх, якія сягалі на захад за р. Лабу. Гэткімі былі славянскія селішчы ў Заходняй Турынгіі на р. Фульдзе, ва Усходняй Франконіі на верхнім Майне ўвайшлі ў склад Вюрцбургскай епархіі і змушаныя былі спачатку плаціць дзесяціну, а пасля былі ахрышчаныя і пры Карле Вялікім мелі ўжо 14 касцёлаў25.

Святы Віргілій

Але асаблівых поспехаў хрысціянства дасягнула пры Карле Вялікім у славенцаў і харватаў, дзякуючы дзейнасці зальцбургскіх арцыбіскупаў Віргілія (700-784) і Арно26. Св. Віргілій быў адным з выдатных прадстаўнікоў ірландскага манаства, якое працавала ў Цэнтральнай Еўропе. Мяркуюць, што гэта ён мог стаяць ля вытокаў славянскага алфавіту «глаголіцы». Вядома, што ў часы абмежаванняў на славянскі абрад (ХІ-ХІІ стст.) у правінцыях Далмацыі і Істрыі, размешчаных над Адрыятычным морам (сёння Югаславія), існавала паданне пра стварэнне глагалічнага пісьма выхадцам з Ілірыі, перакладчыкам Бібліі на лацінскую мову св. Гэронімам. Гэтае паданне пазней было прызнанае і Рымам, што паспрыяла зняццю забароны на глаголіцу папам Інацэнтам IV у 1248 г. Але, магчыма, вытокі гэтай легенды трэба шукаць у іншым. Рэч у тым, што названы Віргілій напісаў вялікую кнігу пад назваю «Касмаграфія», у канцы якой змясціў алфавіт, падобны, як лічаць некаторыя даследчыкі, да глаголіцы27. Істотна тое, што ў сваіх трактатах Віргілій выдаваў сябе толькі за перапісчыка твораў св. Гэроніма. Ёсць меркаванні, што святы Віргілій прычыніўся таксама і да стварэння стараславянскай літургічнай мовы і тэрміналогіі і што з дзейнасцю Зальцбургскай мітраполіі можа быць звязанае ўзнікненне найстаражытнейшага Фрайзінскага помніка, напісанага лацінкаю28. Як вядома, ірландскія місіянеры імкнуліся прапаведаваць на роднай мове сваёй паствы. Апрача таго, яны мелі схільнасць да складання алфавітаў, выкарыстання крыптаграфіі і містычнага ўжывання літараў. Звычайна, выпраўляючыся на місіі, яны мелі пры сабе да 200 гатовых алфавітаў29. Ірландскія і шатландскія манахі траплялі і на іншыя славянскія землі ў гэтым рэгіёне. Ёсць звесткі, што ў VIII ст. яны працавалі таксама ў Маравіі30.

Заходнія славяне ў VII-IX ст.

Такім чынам, на пачатку ІХ ст., якім датуюцца першыя летапісныя паведамленні пра ўсходніх славянаў, хрысціянства было ўжо даволі пашыраным сярод іхніх заходніх і паўднёвых суродзічаў. Асноўныя місійныя цэнтры, з якіх магла весціся пропаведзь Слова Божага да гэтага часу, знаходзіліся на тэрыторыі Візантыі, Італіі, Брытанскіх астравоў і Франкскай дзяржавы. Апрача місіяў, на распаўсюджанне хрысціянства сярод славянаў маглі ўплываць ваенныя канфлікты з ужо хрысціянскімі плямёнамі і народамі, калі не толькі траплялі ў палон вернікі, але захопліваліся храмы і прадметы культу. Гэтаму маглі спрыяць таксама гандлёвыя зносіны: даволі часта разам з купецкімі абозамі вандравалі і місіянеры. Да пачатку ІХ ст. у асноўным завяршыліся працэсы, звязаныя з рухам Вялікага перасялення народаў. У ягонай магутнай плыні апынуліся і славянскія народы, частка якіх пасля шэрагу нападаў на Візантыйскую імперыю апанавала амаль усю Грэцыю. Толькі ў ІХ-Х стст. візантыйцам удалося аднавіць тут свае пазіцыі і паступова асіміляваць прышлае насельніцтва. Няма сумневу, што і гэтыя славяне, змяшаўшыся з мясцовымі хрысціянамі, таксама прынялі хрост. У канцы VII-VIII стст. на аснове прышлых з Прыазоўя цюркскіх плямёнаў і мясцовага славянскага насельніцтва склалася старажытная Балгарская дзяржава, якая пазней, у 865 г., прыняла хрост з Візантыі, але доўга падтрымлівала даволі трывалыя стасункі з Рымам. Выгодна балансуючы паміж гэтымі двумя хрысціянскімі цэнтрамі, Балгарыя дамаглася значнай аўтаноміі царкоўнага жыцця.

Вір Вялікага перасялення вынес славянскія народы на іх пастаянныя месцы, на якіх да сённяшняга дня здзяйсняецца іхні гістарычны лёс. Над Дунаем і на ўзбярэжжы Адрыятыкі (сёння Югаславія) размясціліся паўднёваславянскія плямёны славенцаў, сербаў, харватаў, на поўнач ад іх – заходнія славяне: славацкія, чэшскія і польскія плямёны. На паўночным захадзе, на мяжы з германцамі апынуліся племянныя аб’яднанні ніжніх і верхніх сорбаў, а на поўнач ад іх над Балтыйскім морам – плямёны палабскіх славянаў, сярод якіх найбольш магутнымі былі вільцы-люцічы і абадрыты-бодрычы. Палабскія славяне і лужыцкія сорбы займалі ўсходнюю частку тэрыторыі сённяшняй Германіі на поўнач і на поўдзень ад Берліна, а пазней былі анямечаныя.

Тэрыторыя Беларусі пачала засяляцца славянамі з VII ст. некалькімі хвалямі: на поўначы аселі крывічы, на поўдні – дрыгавічы, а на паўднёвым усходзе – радзімічы. Гэтыя плямёны сталіся ядром і асноваю беларускага народу. Як мяркуюць гісторыкі, засяленне Беларусі славянскімі плямёнамі ішло з захаду (крывічы) і з поўдня31. Існуе гіпотэза пра тое, што некаторыя славянскія групоўкі маглі перасяліцца на нашыя землі ў ІХ ст. ад палабскіх славянаў, калі там узмацнілася нямецкая экспансія. Як доказ прыводзяць ідэнтычныя назвы населеных пунктаў, падабенства звычаяў і інш32. Цалкам верагодна, што ўжо з першымі плынясі перасяленцаў на беларускія землі пачало пранікаць хрысціянства.

Працяг >>>


  1. Чубатый М. Iсторiя християнства на Руси-Українi. Т.1. Рим-Ню Йорк, 1965. С.209-210.
  2. Шлюбскі А. Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага Княства Літоўскага. Коўна, 1925; Калуовіч А. Крокі гісторыі. Беласток, Вільна, Мн., 1993.
  3. Гильтебрандъ П. Розыск западно-русских летописей для императрицы Екатерины ІІ // Древняя и Новая Россия. СПб, 1880. Т. 16. ; 4. С. 824-825; Историческая коллекция Эрмитажного собрания рукописей. Памятники XII-XVII вв. Описание / Сост. Д. Н. Альшиц. М., 1968. С. 9-10, 18.
  4. История древнего Рима / Под ред. В. И. Кузищина. М., 1981. С. 304, 313-316.
  5. Курбатов Г. Л. История Византии. М., 1984. С. 7-11.
  6. Повесть временных лет. Подг. текста Д. С. Лихачева. Т. 1. М.-Л., 1950. С. 23.
  7. Тамсама. С. 12.
  8. История средних веков / М. Л. Абрамсон, А. А. Кириллова, Н. Ф. Колесницкий и др. М., 1986. С. 24.
  9. Донини А. У истоков христианства. М., 1989. С. 253.
  10. Чубатый М. Історія... С. 70-72.
  11. История средних... С. 25-29.
  12. Веселовский А. Н. Русские и вильтины в саге о Тидреке Бернском (Веронском) // Известия отделения русского языка и словесности Императорской Академии Наук. Т. ХІ. Кн. 3. СПб., 1906. С. 1-190.
  13. Введение христианства на Руси / Отв. ред. А. Д. Сухов. М., 1987. С. 36-39.
  14. Повесть... Т. 1. С. 77-78.
  15. Рогалев А. Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории). Гомель, 1993. С. 66-70.
  16. Карсавин Л. П. Монашество в средние века // Символ. № 25, июль 1991. С. 52053.
  17. Омэнн Дж. О.Р. Христианская духовность в католической традиции. Рим–Люблин, 1994. С. 80-81.
  18. Тамсама. С. 98-100. Хольц Л. O.FM История христианского монашества. СПб, 1993. С. 69-70, 73-74; Карсавин Л. П. Монашество... С. 71-76.
  19. Карсавин Л. П. Монашество... С. 72.
  20. Podręczna encyklopedya koścelna / Red. Z. Chełmicki. T/ 17-18. Warszawa, 1909. S. 175
  21. Введение... С. 27.
  22. Омэнн Дж. Христианская... С. 94-95; Карсавин Л. П. Монашество... С. 72-75.
  23. Хольц А. История христианского... С. 73, 83.
  24. История средних... С. 45-46.
  25. Любавский М. Н. История западных славян (прибалтийских, Чехов и Поляков). М., 1918. С. 59.
  26. Тамсама.
  27. Löwe H. Ein Literarischer Widersacher des Bonifatius Virgil von Salzburg und die Kosmographie des Aethicus lster // Abhandlugen der Geistes- und Sozialwissenschaftlichen Klasse. Jrg. 1951 Nr 11.
  28. Virgil als geistiger Vater der Slawenmission und der ältesten slawischen Kirchensprache // Virgil von Salsburg Missionar und Gelehrter. Beitrage des Internationalen Symposiums vom 21.-24. September 1984 in der Salzburger Residenz. Salzburg, 1985. S. 124-126.
  29. Введение... С. 40.
  30. Чубатый М. Історія... С. 104.
  31. Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 21-40.
  32. Урбан П. Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцвінаў. Мн., 1994. С. 73-82.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY