![]() |
|
Дакументы
Haereditas
Мастацтва
Святло слова
Проза
Паэзія
Святло слова
Жана НЕКРАШЭВІЧПостаці
Нашы святыні
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
Haereditas
|
МАДЭРНІЗММадэрнізм – жахлівае бедства, якое сёння, як ніколі, нішчыць хрысціянства знутры. На думку Папы Пія Х, гэта «рассаднік усіх ерасяў» і найзлейшы вораг, які калі-небудзь быў у Касцёла. Гэта злосная немач ахапіла ўвесь Захад, як пратэстантызм, так і каталіцызм, і ёсць усе падставы меркаваць, што ў хуткім часе яна можа перакінуцца на Усходнюю Еўропу. Як у мінулым, так і сёння яна распаўсюджваецца непрыкметна, таму што яе прыхільнікі дасканала валодаюць майстэрствам хаваць свае намеры. Але менавіта сёння на нашых вачах адбываюцца такія трывожныя перамены, што нам проста нельга заставацца бяздзейнымі. Таму першае, з чаго трэба пачаць, – гэта вызначыць само паняцце мадэрнізму, пазнаёміцца з яго гісторыяй, яго дактрынай, метадамі пранікнення, практычнымі наступствамі яго падрыўной працы і тым, як можна ўсяму гэтаму супрацьстаяць. ВЫЗНАЧЭННІ Не трэба блытаць мадэрнізм багаслоўскі – а менавіта ён нас цяпер і цікавіць – з мадэрнізмам філасофскім, сінонімам «сучаснай філасофіі», кірункам, які бярэ пачатак у філасофіі Асветніцтва, што зарадзілася ў Францыі ў ХVІІІ стагоддзі. Зрэшты, абодва яны недалёка адышліся адзін ад аднаго. Філасофія Асветніцтва лічыць чалавечы розум крытэрыем усялякай з'явы, па-за якой і вышэй якой няма нічога, і ўлада яго распаўсюджваецца да межаў усяго існага. Ужо з самога вызначэння зразумела, якое месца тут адводзіцца Богу – трэба, каб Яго розум быў зведзены да ўзроўню чалавечага, аж да таго (і гэта вельмі і вельмі імпанавала «філосафам»), што сам чалавечы розум ператвараўся ў прадмет пакланення. Багаслоўскі мадэрнізм, са свайго боку, – і тут яго сувязь з іншым мадэрнізмам прасочваецца найлепей, – мяркуе, што ўсялякая вера ва ўмяшальніцтва звышнатуральнага Боскага ў часавую прастору і ў рэальнасць з'яўляецца ненавуковай і суадносіцца толькі з самой верай. Гэта сцвярджэнне непазбежна вядзе да аднаўлення магчымасці непасрэднага і асабістага ўдзелу Бога ў жыцці створанага Ім свету, у прыватнасці, да адмаўлення цудаў і прароцтваў. Прапагандуючы свае ідэі, мадэрністы распаўсюджваюць наступныя сцвярджэнні: сферы веры і навукі ніякім чынам не судакранаюцца і ў выпадку супярэчанняў вера павінна саступаць навуцы. Апрача таго, змест веры павінен пастаянна абнаўляцца разам з развіццём навукі адпаведна з патрабаваннямі гістарычнага і грамадскага развіцця. Удакладнім толькі, што вера ўяўляецца нейкай абсалютна суб'ектыўнай з'явай, звязанай з унутраным жыццём асобы, пераважна са сферай эмацыйнага, і хаця фармальна яна і ўзвялічваецца за «глыбіню», «прыгажосць» і «веліч», у сапраўднасці ж лічыцца, што яна палягае ў сферы ўяўлення або падсвядомага, куды не распаўсюджваецца Божы ўплыў. Навука супрацьпастаўляецца веры, яе лічылі і ў нейкай ступені да гэтага часу лічаць аб'ектыўнай, увянчанай мноствам вартасцяў, чужых для веры. Цікава адзначыць, што з часоў узнікнення філасофіі постмадэрнізму, што развянчаў розум, які не апраўдаў ускладзеных на яго спадзяванняў (само сабой зразумела, што гаворка ідзе толькі пра чалавечы розум, бо ніякага іншага постмадэрністы не прызнаюць), мадэрністы-тэолагі сталі блефаваць, сцвярджаючы сёння адно (напрыклад, тое, што навука з'яўляецца непагрэшным прадуктам розуму), а заўтра – другое (што розум бяссільны што-небудзь вызначыць). Але як у першым, так і ў другім выпадку вада льецца на млын мадэрністаў у іх барацьбе супраць апостальскай веры для таго, каб па магчымасці глыбей пасеяць сумненні ў гістарычнасці Евангелляў і Боскасці Збаўцы. ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА Для даведкі варта нагадаць, што каля вытокаў мадэрнізму, – гаворка пойдзе толькі пра багаслоўскі мадэрнізм – стаялі Рэнан (1823–1892) і Луазі (1857–1940), пададзеныя ў наш час у каталіцкай энцыклапедыі «Theo» – гэтай «Бібліі» мадэрністаў – як ахвяры лацінскага імперыялізму (пры гэтым цалкам замоўчваюцца прычыны так званых ганенняў, якія яны цярпелі). Яшчэ ў ХІХ ст. гэты рух заставаўся знешнім ворагам каталіцкага Касцёла, і менавіта супраць гэтых спробаў мадэрнізму прасачыцца ў нетры Касцёла былі скіраваны дэкрэт Папы Пія Х Lamentabili (4 ліпеня 1907 г.), энцыкліка Pascendi (8 верасня 1907 г.) і Iuresiurandi formula (Клятва супраць памылак мадэрнізму) (1910 г.). Дзякуючы гэтым дакументам крызіс быў непрыкметны ажно да пантыфікату Папы Пія ХІІ. Парасткі мадэрнізму, спачатку кволыя, пачалі ўсё больш і больш набіраць сілу і выяўляцца зноў (хаця цалкам, відаць, і не знікалі) найперш у Галандыі, Германіі, Францыі. Сёння рух пашыраецца і набірае такую моц, што ўжо стала прынята гаварыць пра неамадэрнізм, хаця дакументы Папы Пія Х не састарэлі да нашых дзён і цалкам адпавядаюць вастрыні моманту. Няма сумнення ў тым, што самыя буйныя «фабрыкі», дзе штампуюць мадэрністаў, знаходзяцца ў Германіі, але Швейцарыя, Галандыя і Францыя амаль не саступаюць ёй. Практычна немагчыма вучыцца ў Германіі і не падхапіць гэты вірус. Менавіта тут знаходзіцца вотчына нябожчыка Бультмана, які ўладарыў розумам усёй сучаснай еўрапейскай экзэгезы. Агромністым поспехам карыстаецца Дрэверман, які выступае праціўнікам улюбёнага мадэрністамі так званага гісторыка-крытычнага метаду, але на справе сцвярджае яго радыкальныя пазіцыі і які пры дапамозе глыбіннай псіхалогіі намагаецца «ажывіць» Святое Пісанне. Знакамітасцю з'яўляецца Вальтэр Каспер – тэолаг (прафесар Цюбінгенскага універсітэта) і біскуп (Ратэнбургскі і Штудгарцкі) адначасова, які без прыкметаў усялякага сумнення ў сваёй кнізе «Езус Хрыстус» заяўляе: «Мноства гісторый, данесеных да нас Евангеллямі, павінны разглядацца як міфалагічныя». (Цытуецца са зборніка Vangelo e Storicita пад рэд. Антоніо Соччы, выд. св. Альберта, стар. 9.) Ганс Кунг, чые адносіны да пытанняў маралі ўзбуджаюць усялякія чуткі і перасуды, лічыцца прызнаным аўтарытэтам. Нягледзячы на тое, што ў 1979 годзе ён быў пазбаўлены кананічнага права займацца выкладчыцкай дзейнасцю, яго прызначылі дырэктарам Інстытута экуменічных даследаванняў у Цюбінгене. Карл Ранер, неамадэрніст яшчэ больш радыкальны, чым «класічныя» мадэрністы, сцвярджае, што ідэя пра звышнатуральную аснову рэлігіі, якая адрозніваецца ад чалавечай свядомасці, не проста не мае права на існаванне, але і ўвогуле пазбаўлена ўсялякага сэнсу... Немагчыма пералічыць іх усіх, бо яны сустракаюцца на кожным кроку і з кожным новым днём іх полк памнажаецца. Іх думкі прасочваюцца паўсюль, у тым ліку на самыя паважаныя багаслоўскія кафедры. Стаць святаром у гэтай краіне і пры гэтым не мець прамадэрнісцкіх настрояў проста немагчыма. ЗМЕСТ ДАКТРЫНЫ Давайце звернемся да зместу гэтай пагібельнай дактрыны. На нашу думку, найлепей было б пачаць з кароткага выкладання прынцыпаў самой школы, так, як гэта было зроблена Папам Піем Х у яго энцыкліцы Pascendi. Гэта дазволіць нам, па-першае, скласці агульнае ўражанне пра мадэрнізм, які зарадзіўся на пачатку ХХ стагоддзя, па-другое, пераканацца ў тым, як нязначна ён змяніўся да нашага часу. Прынцыпы мадэрнізму паводле Pascendi Прыхільнікі мадэрнізму сцвярджаюць, што мяжа чалавечага розуму палягае ў сферы з'яваў, і з гэтага вынікае, што розум не можа ўзвысіцца да Бога <...> Бог не можа быць непасрэдным аб'ектам навукі (у такой ролі можа выступаць толькі ўяўленне чалавека пра Бога), а з другога боку, Бог не можа дзейнічаць у гісторыі. Ён не з'яўляецца гістарычнай асобай. Рэлігійнае можа быць патлумачана з дапамогай такіх паняццяў, як суб'ектыўнасць, патрэба, эвалюцыя (г.зн. «прагрэс»), сімвалізм. Усё іманентна, альбо, ужываючы іх тэрміны, усё ёсць вітальная іманентнасць. Догмы, такім чынам, тлумачацца патрэбай Боскага. Гэтая патрэба пад уздзеяннем розуму і гістарычнай «эвалюцыі» аформілася ў тое, што мы называем догмамі, так што ў іх трэба бачыць усяго толькі сімвалы або інструменты. Самі яны, у сваю чаргу, не могуць заставацца застылымі, а павінны змяняцца пад уздзеяннем прагрэсу. Дакладна гэтак жа характарам суб'ектыўнасці надзяляецца і асоба Хрыста. Лічыцца, што падзеі жыцця Хрыста, якія выходзяць са сферы трансцэндэнтнага, былі пераўтвораны верай. Такім чынам гаворка ідзе пра з'явы, якія па сваёй сутнасці не належаць ні да гістарычных, ні да навуковых. Адсюль нараджаецца супярэчанне паміж Богам веры і Богам навукі і гісторыі: вера і навука тут, як і ўсюды ў дактрыне мадэрнізму, напачатку цалкам чужыя адна адной. Ужо потым навука навакольнымі шляхамі бярэ верх над верай да такой ступені, што той не застаецца нічога іншага, як скарыцца. Немалая роля ў інтэрпрэтацыі «падзеяў» жыцця Хрыста адводзіцца таксама сімвалізму. Паводле той жа мадэрнісцкай дактрыны, у Езусе ўбачылі Бога толькі паступова, пасля нейкага часу. Кнігі Святога Пісання і тыя, што апавядаюць пра жыццё Хрыста, і Стары Запавет (асабліва Пяцікніжжа), разглядаюцца ў якасці збору нязвыклых перажыванняў, роднасных паводле духу паэтычнаму натхненню. Святое Пісанне сфармавалася не адразу, а шляхам дадавання асобных фрагментаў да першапачатковага кароткага аповеду, гэта вынік «вітальнай эвалюцыі», прадыктаваны патрэбамі розных эпохаў і развіццём веры. Нават гісторыя Касцёла таксама рэдагавалася прыхільнікамі мадэрнізму, якія выявілі «патрэбы», што маглі сустракацца на яго шляху з моманту ўзнікнення. На іх думку, гэтыя патрэбы абумовілі з'яўленне на свет пэўных дакументаў, напрыклад, Святога Пісання і іншых. Гісторыя Касцёла складалася таксама з улікам закона «эвалюцыі», які сцвярджае, і ў звязку з гэтым выпадкам і ў больш шырокім сэнсе, што прагрэс ёсць нейкая раўнадзейная стрымальнай кансерватыўнай сілы, што сыходзіць ад вярхоў, і супрацьлеглай ёй прагрэсіўнай сілы, якая адпавядае патрэбам і адлюстроўваецца ў індывідуальнай і «вітальнай» свядомасці. І калі ўжо гэтыя новыя падыходы атрымалі прызнанне, усё павінна адпаведным чынам быць перагледжана і абнародавана. Што тычыцца Касцёла, дык ён узнік з патрэбы ўсіх хрысціянаў спавядаць веру і мець сваю арганізацыю ў грамадстве. Гэта паяднаная ў адно індывідуальная свядомасць кожнага хрысціяніна, якая бярэ пачатак ад першага верніка – Езуса Хрыста (з гэтага арганічна вынікае, што ў Касцёле пануе рэлігійная свядомасць, але не Бог і што Касцёл павінен падпарадкоўвацца дэмакратыі). Таямніцы разглядаюцца ў тым жа ракурсе. Згодна з мадэрнісцкай тэорыяй у іх аснове ляжыць патрэба надаць рэлігіі бачныя абрысы, якія маглі б садзейнічаць яе распаўсюджванню. Яны не болей, чым сімвалы, і іх уздзеянне абмяжоўваецца тым, што яны сілкуюць веру. Мадэрнісцкая дактрына адмаўляе сам факт існавання ісціны. Калі ўсё ў выніку грунтуецца на «досведзе», на адчуванні (ледзьве не на сімвалізме), то ўсе рэлігіі праўдзівыя, бо гэтыя асновы ўласцівыя кожнай з іх. З другога боку, само паняцце ісціны разбураецца, калі да ўсяго, нават да Божага Провіду і да веравучэння прымяняць ідэю прагрэсу. Адзначым, што для мадэрністаў ісціна навуковая і рэлігійная зусім не тое ж самае. Таму мадэрністы «дароўваюць» «агрэхі» Святога Пісання, гаворачы, што да яго тэксту не пасуюць крытэрыі навуковасці, гістарычнасці і што эвалюцыя жыцця (гэтая славутая эвалюцыя!) апраўдвае гэтыя разыходжанні, бо «ісціна рацыянальная» адрозніваецца ад «ісціны вітальнай». І нарэшце яны лічаць, што гэтыя памылкі больш карысныя, чым навуковая ісціна, таму што яны займелі давер у народа (для тых, хто верыць у Божы Провід, гэта значыць, што Бог падманвае, калі Яму гэта выгадна...). З вышэй сказанага можна меркаваць, што калі прынцып веры іманентны, то і сам Бог іманентны чалавеку; калі ўяўленні пра аб'ект веры ёсць сімваламі, то і ўяўленні пра Боскую рэальнасць цалкам сімвалічныя. З гэтага вынікае, што мадэрнізм усутыч падышоў да пантэізму і яму застаецца толькі крок да атэізму. Дададзім, што мадэрнісцкая тэорыя разбуральная для любой рэлігіі, таму што з яе падачы ва ўсіх рэлігій адна крыніца і адна гісторыя. КРЫТЫКА МАДЭРНІСЦКІХ ТЭОРЫЙ Калі мадэрністы адмаўляюць звышнатуральнае, асабліва відавочным і ў найвышэйшай ступені нелагічным з'яўляецца той факт, што, гучна гаворачы пра неабходнасць мець на ўвазе ўсе без выключэння дадзеныя, якія закранаюць сферу рэлігійнага досведу, яны апрыёры стаяць на тым, што звышнатуральнае не можа быць рэальным, і пры гэтым прымаюцца ўсе аргументы, апрача тых, якія прызнаюць рэальнасць існавання звышнатуральнага. Гэты феномен быў названы Бертранам Рыкенбахерам у пратэстанцкім часопісе «Супраціўляцца і ствараць» (кастрычнік 1999 г.) тэрмінам «крытычная парадыгма». Усё, што падыходзіць да арсеналу так званага гісторыка-крытычнага метаду, прымаецца на «ўра», астатняе ж не заўважаецца або падвяргаецца ўніжальнай крытыцы. Цуды можна тлумачыць усялякімі спосабамі, апрача аднаго: што яны сапраўды адбываюцца, і што яны нішто іншае, як цуды. Тыя ж патрабаванні да метадаў даследавання, у якіх без сумнення павінен прысутнічаць дух цярпімасці і свабоды пры ўмове, што магчымасць Божага ўмяшальніцтва цалкам і канчаткова адмаўляецца. Другі прынцып прыхільнікаў мадэрнізму, прыведзены Б.Рыкенбахерам, заключаецца ў пошуку гістарычнай ісціны шляхам устанаўлення першапачатковага сэнсу тэкстаў і, можна сказаць, усіх догматаў веры. На думку Бертрана Рыкенбахера, канцэпцыя аналізу тэкстаў Святога Пісання, зыходзячы з сімвалізмаў або празелітычных патрэбаў, а я б дадала, з уплыву еўрапейскага язычніцкага асяроддзя, надзіва зручная ўсялякаму пасрэднаму экзэгету, чые перлы вельмі часта пазбаўлены ўсялякага сэнсу, і асабліва зручныя тым, каму выгадна адмаўляць гістарычнасць Боскага ўмяшальніцтва. Яшчэ раз нагадаем, што гэты метад аналізу выкарыстоўваецца не толькі ў дачыненні да Святога Пісання. Дзякуючы яму ўсе догматы, таямніцы, Паданне, практыка набажэнства пазбаўляюцца свайго сакральнага сэнсу і зводзяцца да формаў простанароднай рэлігійнасці, выніку сацыяльна-гістарычнай эвалюцыі, адным словам, спрошчваюцца да такой ступені, што Богу там проста не застаецца месца. І паколькі трансцэндэнтнае адмаўляецца ў прынцыпе, то яго не можа быць і ў першапачатковым сэнсе. Каб дыскрэдытаваць яго прысутнасць ва ўсім, што дайшло да нас, даводзіцца карыстацца ўсялякімі хітрыкамі. Наступствам (або прычынай) гэтай тэорыі можа выступіць сцвярджэнне, што існуюць два ўзроўні ўспрымання рэлігіі: узровень простых людзей, што ўспрымаюць яе без эківокаў, такой, якой яна паўстае перад імі, і ўзровень пасвечаных і адукаваных, «дасканалых», тых, хто ведае, што схавана за ўсімі гэтымі «сімваламі» і ўсімі гэтымі «міфамі». Я сказала таксама аб прычыне гэтай тэорыі, бо магу меркаваць, што гонар ад усведамлення сваёй інтэлектуальнай перавагі, сваёй прыналежнасці да «дасведчанай» эліты, адыгрывае, хутчэй за ўсё, не апошнюю ролю ў пабудове ўсіх гэтых канцэпцый, якія ў сваю чаргу выбудоўваюцца ў нейкую міфалагічную сістэму, замкнёнае кола, па-за якім немагчыма здабыць сабе званне «вучонага». Шмат каму (не без падставаў) мадэрнізм падаецца канструкцыяй ад розуму, зборам выдумак для вялікагаловых інтэлігентаў. Ствараецца ўражанне, што ўся гэтая свістапляска прызначана для таго, каб раздзяліць веру і розум, не дазволіць розуму ўрывацца ў сферу веры. Менавіта такая тактыка карыстаецца поспехам у разбуральнікаў рэлігіі. На іх думку, вера павінна грунтавацца на сферы адчуванняў (пачуццяў) і досведзе (унутраным досведзе, безумоўна), а навука не павінна мець да гэтага ніякага дачынення. Пад навукай, без усялякага сумневу, трэба разумець розум і інтэлект. Мы можам і нават павінны ўзяць розум на ўзбраенне ў пытаннях рэлігіі, у той час як вера павінна быць абмежаваная сферай адчуванняў (пачуццяў) і асабістага досведу. Хаця вера, якая абапіраецца толькі на вартасці, лёгка можа стаць заложніцай эмоцый, настрояў, памылковых думак. Бог даў нам розум для таго, каб ім карыстацца. У Евангеллі Збаўца дастаткова часта і сурова папракае сваіх вучняў у нежаданні думаць і тым самым дае нам дакладна зразумець, як трэба ставіцца да гэтага пытання. Можна дадаць, што той, чыя вера сляпая, можа стаць здабычай атэістаў, якія з лёгкасцю ганьбяць веру, прыпісваючы ёй такія якасці, як схільнасць да забабонаў і невуцтва. У той час як веды зусім не падрываюць рэлігію, а наадварот, сцвярджаюць яе. Падрываць яе могуць веды падманныя і хлуслівыя, такія, напрыклад, якія прапаведуюць мадэрністы. Вось чаму сапраўдныя хрысціяне павінны быць больш адукаванымі, чым ілжэхрысціяне. МЕТАДЫ МАДЭРНІСТАЎ Такім чынам, давайце прааналізуем сённяшнія асаблівасці методыкі мадэрнізму і яе практычнае выкарыстанне. Зразумела, што, прыступаючы да тлумачэнняў, неабходна абавязкова звяртацца да асноўных высноваў гэтай дактрыны, такіх, як суб'ектыўнасць, неабходнасць, эвалюцыя, сімвалізм, іманентнасць, якія былі вызначаны ў Pascendi. І калі сутнасць ідэі не змянілася, то сродкі яе выяўлення, яе вербальная абалонка з часам удасканальваліся і ўзбагачаліся за кошт мноства «адкрыццяў», пра якія варта коратка нагадаць, каб вывесці іх на чыстую ваду. Каб распаўсюдзіць сваю дактрыну, мадэрністы сёння, як і ў мінулым, выкарыстоўваюць узаемадапаўняльныя прыёмы: з аднаго боку, яны шукаюць спосабы, якія дазваляюць ім тлумачыць звышнатуральнае чымсьці адрозным ад звышнатуральнага, іншымі словамі, кіруючыся ўласнымі здагадкамі, знайсці «сапраўдныя» прычыны таго, што «прымалася» за Боскае ўмяшальніцтва, не з'яўляючыся такім; з другога боку, яны намагаюцца выдаваць прынцыпы мадэрнізму за сапраўды хрысціянскія. Для гэтага ўсе сродкі добрыя, ад самых сумніўных да самых крывадушных і хлуслівых. Застаецца яшчэ адна, трэцяя, сістэма, якую мы таксама разгледзім. Яна заключаецца ў тым, каб распаўсюдзіць мадэрнісцкія погляды з дапамогай, як я яго называю, «сілавога метаду», або, калі хочаце, «артылерыйскай атакі». ЯК МАДЭРНІСТЫ ТЛУМАЧАЦЬ ПРЫСУТНАСЦЬ ЗВЫШНАТУРАЛЬНАГА Звяртаючыся да першага метаду, узятаму на ўзбраенне мадэрністамі, разгледзім, якімі хітрыкамі яны карыстаюцца для таго, каб на свой капыл патлумачыць прысутнасць Божай ласкі ў часавай прасторы. Само сабой зразумела, што большае месца адводзіцца ўяўленню, незалежна ад таго, ці ідзе гаворка пра гісторыю, уласцівую народу, ці, яшчэ лепей, жаночую істэрыю (на што робіцца асаблівы акцэнт у «паданні» пра Уваскрэсенне); пра патрэбу цуда – характэрную рысу падлеткавага ўзросту цывілізацыі ў эпоху зямнога жыцця Хрыста або пра вынаходлівасць першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія адчувалі асаблівую патрэбу ў абагаўленні Езуса: адным словам, для фантазіі экзэгетаў мадэрнізму прасціраецца агромністае поле дзейнасці. Ёсць і іншыя шляхі для выдумак, ад самых простых, напрыклад, пра тое, што неабходнасць паверыць у Богаўцелаўленне нарадзілася з сацыяльна-гістарычных умоваў, а менавіта з уціску рымлянаў і месіянскіх настрояў; да больш складаных, як тое, што называецца Formgeschichte (гісторыя формы) і Redaktiongeschichte (гісторыя рэдакцыі), сэнс якіх заключаецца ў тым, што тэксты Святога Пісання захаваліся толькі ў фрагментах, потым сабраных у адзінае накшталт канструктара, прычым гэтак, што новая форма фрагментаў не адпавядае першапачатковай. Згодна з іншымі выдумкамі, мадэрністы паўстаюць фальсіфікатарамі, якія сфабрыкавалі прароцтвы, увёўшы ў Новы Запавет урыўкі аб прароцтвах са старазапаветных тэкстаў. Карысць ад такога падыходу двайная: па-першае, яна дазваляе адмаўляць прароцтвы, па-другое, дазваляе пазбавіцца ад прыкрых урыўкаў, звесці іх да ўзроўню паданняў, ахутаных павуціннем часу. Зусім не саромеючыся, нашыя экзэгеты ад мадэрнізму дазваляюць сабе сцвярджаць, што апісанне цудаў, а таксама фактаў зямнога жыцця Хрыста былі запазычаныя з равінскіх казанняў і іншых габрэйскіх крыніцаў, без усялякай сціпласці названых «міжевангельскай літаратурай», але пры гэтым яны маўчаць пра тое, што ўсе гэтыя крыніцы значна маладзейшыя за Евангеллі. Вельмі важным падаецца пытанне пра датаванне Евангелляў. Адмысловым манеўрам удалося ўзвесці ў шэраг догмаў меркаванне пра тое, што Евангеллі былі напісаныя пасля 70-га года, г.зн. пасля разбурэння Ерузалема і, адпаведна, пасля адыходу з жыцця ўсіх сучаснікаў Хрыста – сведкаў Яго зямнога жыцця. Такое датаванне Евангелляў вельмі зручнае, бо яно, па-першае, дае час, неабходны для стварэння міфаў (якімі б яны ні былі), па-другое, дазваляе пазбавіцца ад людзей-сведкаў, якія маглі б аспрэчыць памылкі і падман. Нашы вынаходнікі на гэтым не спыняюцца. Зусім забыўшыся пра тое, што юдэі і першыя хрысціяне ненавідзелі язычніцтва і асабліва язычніцкіх багоў, яны, не міргнуўшы вокам, сцвярджаюць, што карані Святога Пісання трэба шукаць у язычніцкай літаратуры. З-за адсутнасці крыніцаў іх можна проста выдумаць. Так, усе гэтыя экзэгеты (і не толькі мадэрністы, такая вялікая сіла іх пераканання) цалкам перакананы ў існаванні нейкай крыніцы О (абрэвіатура ад Orulle (ням.) – крыніца – заўв. пер.), якой ніхто і ніколі не бачыў у вочы і якую вынайшлі для таго, каб патлумачыць падабенства паміж Евангеллямі, бо тое, што прычына гэтага падабенства палягае ў сапраўднасці апісаных падзеяў, катэгарычна не прымаецца. Што датычыць пытання пра догматы веры, то ўхваляюцца найбольш неверагодныя выдумкі, калі яны дазваляюць сцвярджаць, што ў Святым Пісанні пра іх няма і гаворкі (бо словы змянілі сэнс, яны былі незразумелыя людзям той эпохі, якая канчаткова і беззваротна лічыцца часам наіўнасці і няспелага розуму). Паводле другой вельмі папулярнай сёння тэорыі, тыя месцы Святога Пісання, дзе непасрэдна згадваецца пра догматы, з'явіліся пазней і вельмі часта з ініцыятывы Касцёла, хворага на імперскія настроі. Таямніцы і літургію спасцігнуў той жа лёс – іх узнікненне тлумачыцца доўгімі гістарычнымі пераўтварэннямі, і дзеля гэтага ў ход ідуць скажэнні і падтасоўка тэкстаў, гностыкі абвяшчаюцца Айцамі Касцёла, апокрыфы выкарыстоўваюцца ў якасці кананічных тэкстаў. Што ж датычыць улады і касцёльнай іерархіі і Касцёла ў цэлым, то ні для каго не сакрэт, што іх лічаць вытворнымі ад такіх складовых, як палітычная сіла, воля да ўлады і найчысцейшай вады аўтарытарызм, якім, у сваю чаргу, вельмі зручна хаваць свой сапраўдны твар за ўяўным правам увасабляць Бога на зямлі. Падобнага кшталту абвінавачванні адкрыта выказваюцца на адрас Папы, калі ён у чарговы раз заклікае да захавання маральных нормаў, у прыватнасці, калі гаворка заходзіць пра забарону абортаў. Апрача гэтага, экзэгеты ад мадэрнізму з усіх сілаў абараняюць тэзіс пра немагчымасць прымірэння Касцёла і навукі, аксіёму аб іх супрацьстаянні, выкарыстоўваюць дэзінфармацыю там, дзе заслугі хрысціянства перад навукай і навукоўцамі бясспрэчныя і відавочныя. (Яскравым прыкладам такога падыходу з'яўляецца Theo, каталіцкая энцыклапедыя – заўв. пер.). На шчасце, Ж.Дзюмон у сваёй кнізе «Невялікае падарожжа па тэамарксіі. Кароткі крытычны аналіз Theo – «новай каталіцкай энцыклікі» (выд. Аржэ) бліскуча выкрывае нежыццяздольнасць гэтага метаду. Вельмі часта для таго, каб навязаць думку пра варожасць Касцёла і навукі, выкарыстоўваецца сапраўднае замбіраванне людзей. А вось як можна коратка патлумачыць прыроду цудаў і прароцтваў: легенды пра цуды і прароцтвы існуюць да нашых дзён дзякуючы Касцёлу, які скептычна ставіцца да ўсяго рацыянальнага і навуковага. Касцёл спарадзіў гэтыя легенды, узгадаваў і ўзвялічыў іх, разрэкламаваў і распаўсюдзіў па свеце. Першапачатковай глебай гэтых «міфаў» у аднолькавай ступені маглі выступаць як уяўленне, эмоцыі, так і патрэба ў калектыўнай свядомасці. Апрача вышэйпералічаных прычынаў, нельга таксама скідаць з рахунку прычыну сацыяльнага характару, і хаця пра гэта ніколі не гаворыцца ўслых, але ўдзел махлярства і падробак ва ўсіх гэтых «справах», мякка кажучы, не выключаецца. Падобныя развагі праходзяць пад воклічы добрапрыстойнага захаплення ў дачыненні да гэтых праяваў рэлігійнай культуры, значэнне якіх такое вялікае, што немагчыма сабе і ўявіць. Нам жа варта пагаварыць пра яшчэ адно пытанне – пытанне пра Ісціну, непасрэдна звязанае з трансцэндэнтнасцю Бога, які сказаў пра Сябе «Я ёсць Ісціна» (Ян 14, 6). Відавочна, што Ісціны няма, і для таго, каб гэта пацвердзіць, не трэба далёка хадзіць. Ісціну можна прыраўняць да сапраўднасці, як гэта і было зроблена мадэрністамі на Другім Ватыканскім Саборы, калі яны намагаліся правесці тэкст, у якім Евангеллі абвяшчаліся «ісціннымі і сапраўднымі». Але Папа Павел VІ усё расставіў на свае месцы, правёўшы фармулёўку, у якой сцвярджалася поўная гістарычнасць Евангелляў. З гэтага моманту стала з'яўляцца мноства тэкстаў, якія тлумачылі, што адзінай гістарычнасці няма, што гісторыя суб'ектыўная. Для пацверджання гэтага тэзісу спасылаліся на эвалюцыю мовы, у выніку чаго хрысціяне са здзіўленнем даведаліся, што слова «Ўваскрэсенне» і выраз «трэці дзень» у часы Езуса мелі іншы сэнс, чым сёння. Не спыняючыся на дасягнутым, хто-ніхто стаў прапагандаваць вельмі папулярную ў наш час філасофію пра тое, што чалавечы розум не ў стане спасцігнуць якія б то ні было веды. Нашыя экзэгеты сталі на пазіцыю, што Ісціна, якой бы яна ні была, заўсёды застаецца недасягальнай і таму галоўнае – мець веру (нішто сабе?!). Тэолагі падобнага кшталту зусім не ўсведамляюць, што ў чарговы раз пілуюць сук, на якім сядзяць, бо калі б чалавек сапраўды быў няздольны валодаць якімі б то ні было ведамі, дык было б абсалютна зразумела, чаму і як яго можна чамусьці навучыць, у чымсьці пераканаць. Найлепшае, што ім варта было б зрабіць, каб цалкам не супярэчыць самім сабе, – гэта змоўкнуць. (Калі Ісціны няма, то як жа можна пераконваць у ісціннасці сваіх поглядаў? Тут мы маем справу з сафізмамі, бясконцымі, як казка пра белага бычка.) [an error occurred while processing this directive]
|
|
|